Пераможнае вяртанне “Эмпатыі”

Без перабольшвання можна сказаць, што клубы па інтарэсах, аб’яднанні і гурткі   даволі папулярныя сярод моладзі. Менавіта тут ствараюцца ўмовы для  развіцця творчых і крэатыўных здольнасцей,  набываецца вопыт узаемадзеяння з равеснікамі ў розных сферах дзейнасці, фарміруецца адчуванне ўласнай значнасці і даецца магчымасць для самарэалізацыі. Клубнае аб’яднанне як грамадскі інстытут — глабальны спосаб арганізацыі вольнага часу.

Сёлета, як і ў папярэднія гады, аддзел па справах моладзі праводзіў раённы конкурс «Лепшае маладзёжнае клубнае аб’яднанне». У ім прынялі ўдзел 5 клубаў, якія працуюць з моладдзю ў райцэнтры і вёсках раёна: «Маладая сям’я» (Крывошынскі СДК), «Кадр» (Галаўнінскі СДК),  «Планета — сям’я» (Ліпскі СДК), «Эмпатыя»  (Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж), «Старшакласнік» (раённы сацыяльна-педага-гічны цэнтр). Дарэчы, сельскія клубы ўпершыню прынялі ўдзел у конкурсе.

Журы разглядала пададзеныя матэрыялы, ацэньваючы работу ў намінацыях па 5-бальнай сістэме. Улічвалася літаральна ўсё — ад  наяўнасці статута ці палажэння, умоў членства, плана работы да справаздач аб дзейнасці за гэты год, колькасці праведзеных сустрэч і пасяджэнняў, ад метадычных распрацовак да  прэзентацый.

Моцная і дружная сям’я тая, у якой кожны — паважаны, незаменны, дзе пануюць лад і ўзаемападтрымка, пяшчота і клопат, а праблемы вырашаюцца разам. Для гэтага неабходны  цярпенне, уменне і жаданне ў нават самым спрэчным пытанні знайсці кампраміс. Менавіта гэта ў аснове  дзейнасці клуба «Маладая сям’я» (кіраўнік Вольга Свянтэцкая). Самыя запамінальныя мерапрыемствы з удзелам яго членаў — выстава кветак, праграма да Дня маці «Чалавек, на якім трымаецца дом».

Клубам па інтарэсах «Планета — сям’я» (кіраўнік Вольга Пірштук) арганізаваны і праведзены вечар адпачынку «Калі мы разам — душа на месцы», забаўляльна-гульнёвая праграма «Рыцарскі турнір».  Аб’яднанне фотааматараў клуба «Кадр» (кіраўнік Людміла Лешык) паказала цікавыя і захапляючыя фотаработы. Маладзёжны псіхалагічны клуб «Эмпатыя» (кіраўнік Таццяна Траццяк) на працягу года арганізоўваў традыцыйныя семінары, ролевыя гульні, прафілактычныя мерапрыемствы сярод цяжкіх падлеткаў, псіхалагічныя кансультацыі і трэнінгі. Непасрэдна на конкурс прадстаўлены  метадычныя распрацоўкі «Сутнасць і прырода зайздрасці», «Псіхалагічныя аспекты  паспяховай педагагічнай дзейнасці», «Сучасныя тэндэнцыі ў прафілактычнай рабоце па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў» і іншыя.

З праграмай фарміравання ў падлеткаў актыўнай жыццёвай пазіцыі будучага сем’яніна выступіў клуб «Старшакласнік» (кіраўнік Марына Грыкель). Практычны матэрыял, анкетныя даныя, фотасправаздача аб праведзеных мерапрыемствах гавораць пра прадукцыйную работу клуба з вучнёўскай моладдзю Ляхавіч.

Па выніках конкурсу лепшым клубным аб’яднаннем 2011 года журы прызнала «Эмпатыю», 2-е і 3-е месца адпаведна  — у «Старшакласніка» і «Маладой сям’і».

Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны падарункамі і граматамі аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Конкурс чарговы раз паказаў неабходнасць стварэння і развіцця клубных аб’яднанняў, якія працуюць з моладдзю.

Алег ТРАЦЦЯК,
начальнік аддзела  па справах моладзі
райвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *