Такая работа
Аб’яўляю вас мужам і жонкай, — гэтыя важныя і знамянальныя для маладых словы па некалькі разоў на тыдзень урачыста вымаўляе Людміла Палтарак. Рэгістрацыя шлюбаў, нараджэнняў, іншых актаў грамадзянскага стану, кансультацыі па пытаннях шлюбна-сямейнага заканадаўства — далёка не поўны пералік пытанняў, якія ўваходзяць у кола прафесійных абавязкаў начальніка аддзела загса. На гэтай пасадзе Людміла Іванаўна ўжо больш за 10 гадоў, і цяпер нават цяжка падлічыць, колькі створаных сямейных пар яна адправіла ў доўгае сумеснае жыццё.
А хіба можна забыць непаўторнае імгненне, калі шчаслівыя бацькі з гонарам атрымліваюць пасведчанне аб нараджэнні сына ці дачушкі. І кожны раз разам з наведвальнікамі загса хвалюецца, радуецца і спадзяецца на лепшае Людміла Палтарак. Такая ў яе работа — быць разам з людзьмі і ў радасці, і ў горы.
Людміла Іванаўна добразычлівы, шчыры, адкрыты чалавек, абаяльная жанчына, вопытны і творчы прафесіянал, а яшчэ клапатлівая мама і бабуля. У ёй дзіўна спалучаюцца патрабавальнасць і ўважлівасць, разуменне і надзейнасць, уменне слухаць і чуць. У яе паслужным спісе не так многа пасад. Пасля заканчэння дзесяцігодкі ўчарашняя школьніца ўзначаліла сельскі клуб у Нясвіжскім раёне, вучылася ў Мінскім інстытуце культуры, працавала метадыстам Баранавіцкага РДК. Потым яе лёс звязаны з Ляхавіччынай. 14 гадоў Людміла Іванаўна працавала ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, а са снежня 2001 года — начальнік аддзела загса. За гэты час паспела атрымаць і яшчэ адну адукацыю — юрыдычную.
Сучасная жанчына, якая ўпэўнена ідзе па жыцці і, нягледзячы на розныя і не заўжды прыемныя сюрпрызы лёсу, працягвае верыць, любіць, спадзявацца. Гэтымі днямі яна адзначыла прыгожы юбілей. Віншуем!
Галіна КАНЬКО