Брат-2

Гімназія — сапраўдная кузня талентаў. Тут створаны выдатныя ўмовы для развіцця інтэлектуальных, творчыхздольнасцей дзяцей. Асаблівая ўвага — адораным рабятам, якіх у гімназіі нямала. За апошні час не было ніводнага інтэлектуальнага спаборніцтва абласнога, рэспубліканскага ці міжнароднага ўзроўню з удзелам нашых гімназістаў, каб іх прозвішчы не гучалі сярод пераможцаў і прызёраў. Выпускнікі мінулых гадоў Міхаіл Літвіненка, Дзяніс Шэйко, Антон Мацейчык, Сяргей Краўцэвіч паспяхова дэманстравалі свае веды і інтэлектуальныя здольнасці на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць», у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Зараз юнакі — студэнты прэстыжных ВНУ краіны.

А гімназія працягвае запальваць новыя таленавітыя зорачкі на небасхіле творчасці і адукацыі. Адзін з разумнікаў — Антон Краўцэвіч. Ён — малодшы брат неаднаразовага пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па біялогіі Сяргея Краўцэвіча. Іх маці па праву ганарыцца абодвума сынамі: студэнтам медыцынскага ўніверсітэта Сяргеем і 9-класнікам гімназіі Антонам.

Пра старэйшага брата «ЛВ» расказваў неаднойчы, а вось малодшы трапіў у поле нашай увагі ўпершыню. Гэта ўсебакова адораны юнак, які, па сцвярджэнні педагогаў, валодае вялікім творчым патэнцыялам. Дыяпазон яго інтарэсаў даволі шырокі: захапляецца фізікай, хіміяй, інфарматыкай, рускай мовай і літаратурай і паказвае высокі ўзровень ведаў па гэтых прадметах. Антон Краўцэвіч — пераможца рэспубліканскага конкурсу «Інфамышка-2010», ІІІ рэспубліканскага асабістакаманднага турніру «Планета крэатыў» (праходзіць у межах інавацыйнага марафону «Інтэлектуальны капітал»), уладальнік дыплома ІІІ ступені фестывалю тэатральных калектываў на замежнай мове, прызёр раённых прадметных алімпіяд. Напрыканцы 2011 года гімназіст папоўніў сваю скарбонку ўзнагарод дыпломам ІІІ ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па рускай мове і літаратуры (да гэтага ён быў лепшым на аналагічных раённых і абласных інтэлектуальных спаборніцтвах). Да перамогі юнака вяла настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Раманенка.

— Антон чалавек цікавы і цікаўны, умее аднолькава ўдала аналізаваць, параўноўваць, рабіць самастойныя высновы, хутка знаходзіць аптымальныя варыянты рашэння пастаўленых задач, валодае прыёмамі рацыянальнага запамінання, — характарызуе вучня дырэктар гімназіі Леанід Калбаса.

За вучобай Антон не забывае пра сяброў і аднакласнікаў. Па словах класнага кіраўніка Святланы Ушко, ён камунікабельны, шчыры і адкрыты, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, да таго ж валодае добрым пачуццём гумару.
Браты Краўцэвічы адзін аднаго вартыя — перспектыўны дуэт.

Галіна КАНЬКО

One thought on “Брат-2

  • 14/01/2012 в 20:18
    Permalink

    Якiя малайцы!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *