ВІЧ-«план» праваліўся

27 лістапада вечарам у РАУС звярнулася 38-гадовая ляхавічанка. Яна расказала, што ў 19.20 у двары дома невядомы ўдарыў яе медыцынскім шпрыцам у нагу.
Па інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама, за хуліганства затрыманы непрацуючы, раней судзімы жыхар райцэнтра, 1984 года нараджэння. У момант учынення злачынства ён знаходзіўся ў нецвярозым стане. У яго адносінах раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).
Расследаваннем устаноўлена, што ініцыятарам злачынства стаў былы муж пацярпелай. Ён паабяцаў раней судзімаму ляхавічаніну ўзнагароджанне ў памеры 50 долараў ЗША, калі той увядзе ВІЧ-інфіцыраваную кроў яго экс-жонцы. Хуліган супрацьзаконны намер не давёў да канца – набраў у шпрыц незаражаную кроў.
Заказчык злачынства затрыманы. Супраць яго РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 157 КК (заражэнне вірусам імунадэфіцыту чалавека), якая прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *