Клубны плюс

Выкарыстана ілюстрацыя да тэкста

Стварыць камфортныя   ўмовы для працы культработнікаў і для адпачынку вяскоўцаў, а для гэтага як мага хутчэй завяршыць работы па арганізацыі цэнтралізаванай падачы цяпла ў Ганчароўскі СДК. Такую задачу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч паставіў перад кіраўніцтвам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, будаўнікамі, камунальнікамі.
Гэта ацяпляльная праблема – зацягнутая. Пасля таго, як у 2008 годзе ў Гачароўскім СДК выйшаў са строю кацёл, установа культуры засталася ў сезон халадоў без ацяплення. І вось ужо можна гаварыць пра вынік.

За кошт раённага бюджэту на гэтыя мэты ўжо выдаткавана больш за 60 тысяч рублёў. Заказана і зроблена праектна- каштарысная дакументацыя. Пракладку цеплатрасы зрабіла адна з баранавіцкіх будаўнічых арганізацый, якая выйграла тэндар. Пасля будаўнічых работ за справу ўзяўся ляхавіцкі жылкамунгас. Па словах начальніка ўчастка аварыйна-тэхнічнай службы камунгаса Юрыя Дубіны, праверылі ўсе ацяпляльныя сістэмы ў СДК, прамылі іх, частку адрамантавалі. Яшчэ дзень-другі і брыгада майстра Віталія Цімашка свае работы завершыць. Дарэчы, частка памяшкання ўжо ацяпляецца.
– Задаволены не тое слова. Нават не верыцца, што цяпер можна без страху чакаць маразоў, не карыстацца ацяпляльнымі прыборамі, не сядзець у верхнім адзенні. А самае галоўнае, у нашым СДК людзі змогуць камфортна адпачываць у вольны час, – гаворыць дырэктар Ганчароўскага СДК Валянціна Бубенчык.
А цяпер галоўная задача аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – прывесці ў парадак памяшканне ўнутры, каб яно магло паўнацэнна функцыянаваць. Начальнік аддзела Мікалай Дабрыянец расказаў, што плануецца замена вокнаў (да гэтых работ часткова прыступілі), набыццё новага «аддзення» для сцэны, касметычны рамонт і іншае.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *