На ўроках і пасля

Святлана Якубоўская,  начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

Не толькі праграмныя дысцыпліны.
– Школа не толькі дае дзецям веды – гэта месца, дзе яны вучацца жыць, будаваць узаемаадносіны, атрымліваць навыкі, якія дазволяць дасягнуць пастаўленых мэтаў, зрабіць правільны выбар прафесіі, вызначыць свае прыярытэты.
Не кожны вучань стане прафесарам ці лётчыкам. Для нас важна іншае – каб ён стаў сапраўдным чалавекам. Таму ў школе перш за ўсё трэба вучыць дабрыні і справядлівасці, нераўнадушнасці, павазе да гістарычнай і культурнай спадчыны, да асобы, да правоў чалавека.
Адна з важнейшых задач педагогаў раёна – павышэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі. У пэўнай ступені пра ўзровень вучнёўскіх ведаў гавораць вынікі ЦТ. Сёлета сярэдні бал па цэнтралізаваным тэсціраванні быў вышэй абласнога па 6-ці прадметах з 12-ці. 17 вучняў раёна атрымалі ад 86 да 100 балаў.
Больш паловы нашых выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, 34 працэнты – у сярэднія спецыяльныя.
Інавацыі ў дапамогу.
– У гэтым навучальным годзе 5 устаноў адукацыі раёна сталі ўдзельнікамі інавацыйных праектаў.
У горадзе ўзрастае попыт бацькоў на новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі. Паспяхова функцыянуюць 3 групы кароткачасовага знаходжання для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў у яслях-садзе № 1 і № 3, у дзіцячым садзе № 2. Станоўча зарэкамендавала сябе «Мацярынская школа» ў дзіцячым садзе № 3 і яслях-садзе № 4.
Штогод у школы набываем камп’ютарныя класы, мультымедыйныя сістэмы, інтэрактыўныя дошкі, электронныя сродкі навучання, праграмныя комплексы. Сацыяльны стандарт у раёне па забеспячэнні камп’ютарнай тэхнікай вучняў такі: 8 чалавек на 1 персанальны камп’ютар (пры зацверджанай норме  1 на 30 вучняў). За апошнія 5 гадоў адзін клас набыты за кошт абласнога бюджэту, дзесяць – за кошт раённага.
Зразумела, што выяўляе і развівае творчы патэнцыял вучняў педагог.   Пры магчымасцях інтэрнэту настаўнік, які стаіць з указкай ля дошкі і хоча данесці да вучняў як мага больш ведаў, сёння наўрад ці будзе карыстацца ў іх аўтарытэтам і папулярнасцю. Але зацікавіць сваіх выхаванцаў зможа педагог-наватар. Напрыклад, дзецям вельмі падабаюцца дыстанцыйныя ўрокі. Навучанне праз дыстанцыйныя ўрокі хіміі ў раёне праводзіць настаўнік-метадыст СШ № 1 Сяргей Аберган. У гэтым годзе ён стаў пераможцам завочнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт».
Прыкладаў сучасных, творчых адносін педагогаў да справы ў нас шмат.
Свет вакол нас.
– Зразумела, не кожнае дзіця з-за індывідуальных асаблівасцей можа быць першым у вучобе, таму робім усё, каб даць шанц стаць першым, лепшым у сістэме дадатковай адукацыі.
Нашы рабяты і педагогі займаюць прызавыя месцы ў розных турнірах не толькі абласнога, але і рэспубліканскага ўзроўню. Не стаў выключэннем і гэты год. Дыплом 3 ступені ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня атрымалі педагогі і вучні СШ № 2 г. Ляхавічы. 2 месца ў рэспубліканскім конкурсе фотаздымкаў для дзяцей і падлеткаў «Свет вакол нас», а таксама ў конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі занялі гімназісты.
Па прыступках традыцый.
– У сістэме адукацыі за многія гады склаліся добрыя традыцыі: правядзенне жнівеньскіх канферэнцый, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы праходзіць знаёмства з маладымі педагогамі; ушанаванне ветэранаў педагагічнай працы; раённыя бацькоўскія сходы; раённая дабрачынная акцыя «Калядны падарунак»; адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча.
А яшчэ цудоўная традыцыя – выяўляць і падтрымліваць адораных дзяцей. Штогод на раённым фестывалі «Сузор’е талентаў» праходзіць ушанаванне і ўзнагароджанне пераможцаў алімпіяд, канферэнцый, лепшых спартсменаў, турыстаў, творча адораных дзяцей. А на раённым выпускным балі ўзнагароджваюцца медалісты і актывісты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Важкі багаж добрых спраў у раённага галіновага райкама прафсаюза, ветэранскай арганізацыі педработнікаў.
Без любві да дзяцей не атрымаецца сапраўднага педагога, без творчага падыходу – цікавага ўрока, без настойлі-васці – паспяховасці, без цярпення – жаданага выніку і трывалых ведаў. З гэтых пазіцый мы будуем сваю работу, па гэтых прыступках крочым самі і вядзём за сабою нашых дапытлівых, цікаўных і таленавітых выхаванцаў, дакладна ведаючы­, што таленавітыя яны ўсе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *