Шматадрасная прапіска «ЛВ»

З заўсёдным прыемным хваляваннем чакаюць «веснікаўцы» сустрэч з чытачамі. З тымі, чые адрасы даўно сталі пастаяннай прапіскай для кожнага свежага нумара «ЛВ», і з тымі, хто толькі пачынае сяброўства з раёнкай.
Чарговы Дзень падпісчыка, які адбыўся ў мінулы панядзелак у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, паказаў: газета – чаканы госць у многіх сем’ях ляхавічан і не толькі.
– Няхай мама, хоць і жыве ў Маларыце, будзе ў курсе апошніх навін Ляхавіцкага раёна, дзе я вучуся. А сумесны праект «ЛВ» і кале-джа «Агра-матэр», упэўнены, ёй спадабаецца асабліва, –афармляе падпіску навучэнец Юрый Мішчук, а ў падарунак атрымлівае фірменныя календары для сябе і маці.
А вось стараста 22-й групы агранамічнага аддзялення Яўгеній Муліца прапанаваў каляджанам выпісаць раёнку на групу. Такая ініцыятыва ўспрынялася імі на «ўра» і атрымала цвёрдае «так». У «ЛВ» новыя сябры, і гэта не можа не радаваць.
Як жа прыемна чуць ад вас, нашы паважаныя падпісчыкі, што вы чытаеце газету з задавальненнем, чакаеце яе кожную сераду і суботу, каб хутчэй убачыць, чым жа ў гэтым нумары будуць здзіўляць «веснікаўцы». Вашы парады, пажаданні і заўвагі – наш працоўны арыенцір, а эмоцыі, цёплыя шчырыя словы ў адрас газетчыкаў – энергія, што так патрэбна, калі нешта ствараеш. Вы тыя, без каго проста немагчыма ўявіць «Ляхавіцкі веснік». Газета жыве, калі ёсць чытачы. Дзякуй, што ў нас ёсць вы!
Фота Маргарыты КУХТА.

Чарговы Дзень падпісчыка «ЛВ» пройдзе ў пятніцу, 15 снежня, на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» з 10 да 11 гадзін.
Будзем шчыра рады бачыць нашых даўніх сяброў і новых прыхільнікаў раёнкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *