Іграў камерны аркестр

Голас заварожвае. Лаўрэат міжнароднага конкурсу спевакоў імя Фёдара Шаляпіна Міхаіл Кулікоў выконвае арыю Дэмана з аднайменнай оперы Антона Рубінштэйна. Гэта толькі адзін з фрагментаў канцэрта класічнай музыкі, падрыхтаванага навучэнцамі і выкладчыкамі Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа для ляхавічан.
Потым гучыць «Венгерская рапсодыя» Ліста ў выкананні трэцякурсніцы Дар’і Турко.   Не сціхалі апладысменты ўдзячных слухачоў пасля кожнага выступлення камернага аркестра.
Вядучы Дзмітрый Лабейка хваляваўся асабліва. І за ўдзельнікаў, і за сябе – ён жа выступаў перад землякамі.
Ён з дзяцінства спяваў, потым вучыўся на музычным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў па класе акардэона ў вопытнага педагога Людмілы Грыб. Цяпер на трэцім курсе.
– Збылася мая мара вучыцца ў музычным каледжы. Буду дырыжорам і ад гэтага адчуваю радасць, – дзеліцца Дзмітрый.
Дырэктар каледжа наш зямляк Ігар Тулейка хваляваўся не менш выканаўцаў:
– У нас вучацца вельмі адораныя дзеці, што ні асоба – талент. Адзін з сённяшніх удзельнікаў канцэрта баяніст Арцём Дзеравяга – стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, дыпламант міжнароднага музычнага конкурсу ў Германіі. Ілона Капусцінская – лаўрэат міжнароднага конкурсу імя Рыхтара.
Дарэчы, толькі за апошнія 5 гадоў сярод выпускнікоў 23 былыя навучэнцы спачатку Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, а потым і музкаледжа накіраваны на працу ва ўстановы адукацыі і культуры краіны. Многія працягвалі ці працягваюць вучобу па спецыяльнасці. Ілона Маслоўская – студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Вераніка Лойка выкладае ў дзіцячай школе мастацтваў у Брэсце, Марына Галушка – у Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы, Ганна Тулейка – у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, Паліна Кульгавеня пасля заканчэння ўніверсітэта культуры і мастацтва працуе ў Беларускім дзяржаўным нацыянальным хоры імя Г. І. Цітовіча.
Ну а за суботні канцэрт шчыры дзякуй музкаляджанам!
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва Баранавіцкага музкаледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *