Як стаць чараўніком. Акцыя «Нашы дзеці» кліча: спяшайцеся рабіць дабро!

У вялікай сям’і Страмавус рады навагоднім падарункам ад прафсаюза.

Старшыня райкама прафсаюза Святлана Бялецкая і Дзед Мароз віншуюць выхаванцаў дома сямейнага тыпу Канапельчанка.

Зіхаціць цацкамі і мішурой прыгажуня-ёлка, гарэзліва падміргваюць агеньчыкі гірляндаў – атмасфера перадсвяточная ў дамах сямейнага тыпу Канапельчанка і Страмавус адчуваецца ва ўсім. А галоўныя дзеючыя асобы – дзеці – у чаканні гасцей, і, канешне, падарункаў. Першымі па знаёмых адрасах на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах пабывалі прафсаюзы.

– Гэта сапраўднае шчасце –  рабіць дабро. Радасны твар дзіцяці красамоўней за любыя словы. Ад такіх сустрэч толькі прыемныя эмоцыі і зарад добрага настрою надоўга, – падзялілася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая. Яна разам з калегамі ў мінулы чацвер павіншавала з надыходзячымі Калядамі і Новым годам выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу.
Традыцыйна ў снежні-пачатку студзеня ў Беларусі праходзяць дабрачынныя акцыі. Да самай галоўнай з іх – «Нашы дзеці» – далучаюцца ўсе неабыякавыя. Марафон добрых спраў на Брэстчыне адкрыла акцыя «Цуды на Каляды» і дабрачынны дэсант «Ад сэрца да сэрца». У ім актыўна ўдзельнічаюць і ляхавіцкія актывісты, і валанцёры БРСМ.
Выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Таццяна Новік расказала, што ва ўсіх бээрэсэмаўскіх пярвічках сабралі салодкія падарункі і розныя сюрпрызныя рэчы. Іх уручаць сёння дзецям-інвалідам на навагоднім ранішніку. Падарункі атрымаюць і дзеці-сіроты, якія вучацца ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.
Сёння народная эстрадная студыя «Экспрэс» праводзіць дабрачынны канцэрт «Ад сэрца да сэрца». Сродкі, сабраныя ад продажу білетаў, пераводзяцца на рахунак ЦКРНіР, за іх набываюцца развіваючыя гульні, цацкі, спартыўны інвентар для тутэйшых выхаванцаў. На адной сцэне з «экспрэсаўцамі» выступіць узорны ансамбль эстраднай песні «Пунсовыя агеньчыкі».
Адно казачнае прадстаўленне змяняе другое – не менш цікавае і захапляючае, поўнае прыгод і дзіўных сустрэч. 26 снежня Дзед Мароз і Снягурка запросяць выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, іх бацькоў на праграму «Тайна чароўнага посаха», падрыхтаваную педаго-гамі ЦДАДіМ. З падарункамі і цёплымі пажаданнямі да хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прыйдуць іх даўнія сябры – шэфы: супрацоўнікі ЦБП №117 ААТ «ААБ Беларусбанк», райаддзелаў унутраных спраў і Следчага камітэта, ПГУП «АРТ-Наталі».
А ў мінулы чацвер 5 выхаванцаў ЦКРНіР, сярод якіх фіналістка дзіцячага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Рука аб руку» Карына Высоцкая, наведалі тэатралізаванае прадстаўленне ў Брэсце.
Многія ляхавічане адгукнуліся на традыцыйную акцыю, што праходзіла ў магазіне «Аліса», і спраўдзілі жаданні маленькіх землякоў. Знойдуць таксама сваіх уладальнікаў салодкія пачастункі і сувеніры, сабраныя падчас акцыі «Кошык дабрыні» (у магазінах «Фартуна» і «Усходні»).
Актыўна далучыліся да ініцыя-ванай раённай арганізацыяй таварыства Чырвонага Крыжа
акцыі «Падары падарунак» валанцёры гімназіі, Крывошынскай, Жарабковіцкай і Тальмінавіцкай СШ, дзіцячых садкоў №3 і №4: сабралі 40 пакетаў з пачастункамі для дзяцей-інвалідаў.
Сюрпрызы чакаюць выхаван-цаў дашкольных устаноў раёна.
29 снежня 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, чые бацькі працуюць у арганізацыях, што ўваходзяць у райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, збяруцца на навагодні ранішнік, а 3 студзеня 20 шчасліўчыкаў адправяцца на прафсаюзную ёлку ў Брэст.
Акцыя «Нашы дзеці» прадаўжаецца. Спяшайцеся рабіць дабро!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

One thought on “Як стаць чараўніком. Акцыя «Нашы дзеці» кліча: спяшайцеся рабіць дабро!

  • 27/12/2017 в 23:23
    Permalink

    Детская улыбка самая искренняя и трогательная. Пусть в эти сказочные дни к каждому ребёнку придёт Дед Мороз.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *