Завіруха, мяце завіруха

Хоць і спазнілася зіма са сваім прыходам, але ўпушчанае навёрствае: не шкадуе снегападаў, завеяў, маразоў і калючых вятроў. Што застаецца людзям? Цяплей апранацца і абувацца, быць асцярожнымі. Дабавілася клопатаў у камунальнікаў і дарожнікаў. Снег літаральна засыпае тратуары, дарогі, дваровыя тэрыторыі.

Па словах дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандра Мядзвецкага, камунальная служба сустрэла зіму з яе сюрпрызамі ва ўсеўзбраенні. За мінулыя сераду і чацвер  выпала месячная норма ападкаў.  Штодзённа на ўборку снегу ў горадзе выходзяць франтальны пагрузчык, 2 трактары МТЗ-82 з адваламі,   2 трактары для ачысткі тратуараў. Пры неабходнасці арандуецца снегаачышчальная тэхніка ў прадпрымальнікаў. Работы пачынаюцца з 5 гадзін раніцы і інтэнсіўна прадаўжаюцца да 11 гадзін.  Далей па графіку брыгада ўчастка “Добраўпарадкаванне”  з 15 да 17 гадзін ачышчае тратуары. А з 18 гадзін у другую змену зноў выходзіць  тэхніка, якая прыбірае ад снегу не толькі цэнтральныя вуліцы, але і  прыватны сектар. Калі большасць гараджан яшчэ спіць, ужо на пасту і работнікі ўчастка “Жылфонд”, якія ачышчаюць прыдамавыя тэрыторыі шматпавярховікаў, пасыпаюць пешаходныя дарожкі пяском. Кіраўніцтва камунгаса што-дзённа кантралюе выкананне работ і карэкціруе заданне.

Каля 700 кіламетраў дарог мясцовага значэння і вясковых вуліц абслугоўвае ДРБУ-200. У зімовыя месяцы, асабліва калі нябесная канцылярыя не эканоміць на снегападах,  работ у разы больш. Дарожная служба ў экстрэмальных умовах працуе ў аўральным рэжыме. “Пра адпачынак і выхадныя дні работнікі прадпрыемства цяпер толькі мараць: работы, як і снегу, шмат. Уся тэхніка пастаянна задзейнічана на ачыстцы            дарог. Нягле-дзячы на капрызы надвор’я і складанасці эканамічнага характару (толькі на паліва на суткі неабходна выдаткоўваць каля 20 мільёнаў рублёў), з пастаўленай задачай, лічу,  спраўляемся”, – расказвае  начальнік ДРБУ-200 Сяргей Лаптановіч.

Службам, якія ў адказе за парадак на дарогах, цяпер не пазайздросціш. А гараджанам і вяскоўцам часам варта  рэальна ацэньваць сітуацыю і разумець, што адначасова снегаўборачная тэхніка не можа быць ва ўсіх месцах. Гаспадары прыватных сядзіб могуць не толькі ачысціць свой двор, але і выезд на праезную частку. А аўтааматарам не варта пакідаць свае машыны на вуліцах. Гэта сёння сур’ёзна перашкаджае рабоце снегаўборачнай тэхнікі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *