Адступай, снег!

Снегапады, што прайшлі гэтымі днямі, дзе-нідзе адгукнуліся надзвычайнымі здарэннямі. Тэлеканалы расказвалі і пра абваленыя пад цяжарам снегу дахі, і пра абарваныя абледзянелыя правады, і пра заторы на дарогах.

Як расказаў начальнік РАНС Валерый Равінскі, надзвычайных сітуацый, звязаных з выпадзеннем вялікай колькасці снегу, на Ляхавіччыне не зарэ-гістравана. Тым не менш, прымаюцца ўсе меры, каб аператыўна і своечасова разбірацца з наступствамі снегападу, забяспечваць устойлівую работу прадпрыемстваў і арганізацый, аб’ектаў сацкультбыту і гандлю.

21 студзеня было праведзена пазапланавае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Варажуна. На пасяджэнні заслуханы справаздачы кіраўнікоў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, “ДРБУ-200”, “ДЭУ-24”, Ляхавіцкага раёна электрасетак, цэха газазабеспячэння, цэнтральнай раённай бальніцы пра меры, якія прымаюцца іх службамі па мінімізацыі перашкод і нязручнасцяў у сувязі з умовамі надвор’я.

Рашэннем камісіі па надзвычайных сітуацыях створаны рабочыя групы па кантролі і кіраванні ліквідацыяй наступстваў снегападу, якімі пастаянна праводзіцца маніторынг сітуацыі.

Старшыням сельвыканкамаў даручана забяспечыць пастаянны кантроль за своечасовай ачысткай вуліц населеных пунктаў, пад’ездаў да сацыяльных устаноў. Непагадзь не можа быць апраўданнем для райпо: прадукты харчавання павінны дастаўляцца ў магазіны своечасова.  У 8 арганізацыях (райбальніцы і СВК) на ўсякі выпадак прыведзены ў гатоўнасць аўтаномныя крыніцы электразабеспячэння. Адным словам, да магчымых праблем службы падрыхтаваліся грунтоўна. Тым не менш, неабходна памятаць: у выпадку любой надзвычайнай сітуацыі  трэба звяртацца ў адзіную дыспетчарскую службу па тэлефоне 101.

Як прагучала, гэтымі днямі на расчыстцы ад снегу дарог, дваровых і вытворчых тэрыторый, вуліц у райцэнтры і вёсках задзейнічана больш за 75 адзінак тэхнікі, прыцягнута да работы 170 чалавек. У камунгасе створана і дзейнічае   брыгада па ачыстцы ад снегу дахаў шматкватэрнікаў. У мінулыя выхадныя сіламі камунальнікаў, дарожнікаў, сельгаспрадпрыемстваў ад снегу і лёду было ачышчана 19 вытворчых і 22 сельскагаспадарчыя будынкі, 28 шматкватэрных  дамоў.

Аб’ёмы работ сапраўды ўнушальныя. Па словах намесніка дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Мікалая Кендыша, толькі за адзін дзень на палігон у Грушаўку машынамі камунальнай службы вывозіцца каля 300 кубаметраў снегу з цэнтральных вуліц Ляхавіч. Актыўна ідзе расчыстка і ў дварах шматкватэрных дамоў. І яна была б больш аператыўнай і якаснай, каб не перашкаджаў прыпаркаваны ў дварах аўтатранспарт.

“Чамусьці лічыцца, што барацьба з наступствамі снегападу – справа выключна наша. На жаль, многія арганізацыі забываюцца, што чысціць тэрыторыю вакол сваіх будынкаў яны абавязаны ўласнымі сіламі. Ды і многія жыхары прыватнага сектара чамусьці чакаюць, што камунгас будзе чысціць дарожкі да іх веснічак. Не выказала жадання заключаць дагаворы на расчыстку камунгасам іх двароў кіраўніцтва жыллёва-будаўнічых кааператываў, ЖБСК, МЖК,” – дзеліцца “снежнымі” праблемамі Мікалай Кендыш.

Дарэчы, да гонару мясцовых службаў, вынікі іх напружанай барацьбы з “сюрпрызамі” надвор’я відавочныя. Ва ўсякім выпадку для тых, хто раніцай выходзіць і выязджае на работу. Гэтымі днямі працоўны дзень у камунальнікаў і дарожнікаў пачынаецца значна раней, чым ва ўсіх іншых.

Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *