Права з дзяцінства

Якой павінна быць роля школы, грамадскасці, бацькоў у выхаванні падрастаючага пакалення? На гэтыя і іншыя пытанні давалі адказ удзельнікі нарады, якую арганізавалі райкам БРСМ і аддзел па справах моладзі райвыканкама.

Яны запрасілі да размовы сацыяльных педагогаў школ раёна, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, аддзела адукацыі райвыканкама.  Асновы прававых ведаў па папярэджанні правапарушэнняў сярод моладзі нагадала памочнік пракурора раёна Аліна Мацкевіч.

Пра выяўленне правапарушэнняў, дзейсныя меры па ўхіленні іх прычын гаварыў старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Дыдышка. Ён адзначыў, што летась зарэгістравана 8 злачынстваў, учыненых непаўналетнімі: 3 – у горадзе, 5 – у сельскай мясцовасці. Пераважна гэта крадзяжы: кралі грошы, мапеды, веласіпеды, каляровыя металы і інш.

Асноўная прычына, якая садзейнічала супрацьпраўным паводзінам падлеткаў, дзяцей, – незанятасць, калі “няма да чаго прыкласці рукі”. Знаходзілі сабе незаконны занятак часцей непаўналетнія, якія пражываюць у невялікіх вёсках і якім няма куды пайсці, каб з карысцю правесці час.

Насцярожвае і той факт, што асноўная колькасць гэтых  злачынстваў учынена ў вячэрні і начны час, прычым, найчасцей малалеткамі (у асноўным гэта вучні 2-7 класаў). Напрошваецца пытанне: чаму бацькі не кантралююць сваіх дзяцей, дазваляюць ім у позні час быць не дома?

Першы сакратар райкама БРСМ Ларыса Юшкевіч расказала пра ўзаемадзе-янне органаў унутраных спраў, пракуратуры, маладзёжных фарміраванняў па прафілактыцы правапарушэнняў. Канкрэтныя рэкамендацыі сацыяльным педагогам школ дала вядучы спецыяліст   аддзела адукацыі райвыканкама Іна Зубік.

Летась сярод школ раёна праходзіў конкурс на лепшы сацыяльны праект, накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў сярод падлеткаў і моладзі. Яго пераможцам прызнаны праект “Права з дзяцінства”, які падрыхтавала сацыяльны педагог Навасёлкаўскай СШ Алена Зайцава і прэзентацыю якога правяла разам са сваімі вучнямі.

Удзельнікі нарады былі аднадушныя: дзецям патрэбна ўвага, асабліва шмат неабходна працаваць са схільнымі да правапарушэнняў.

Арганізацыя вольнага часу, наведванне гурткоў па інтарэсах, спартыўных секцый – пасля ўрокаў і ў час канікулаў, работа з вучнямі па месцы жыхарства – далёка не поўны пералік абавязковых клопатаў педагогаў, грамадскіх  аб’яднанняў. Але асноўная роля ў выхаваўчым працэсе дзяцей належыць іх бацькам. Менавіта паўсядзённы жыццёвы прыклад – аснова фарміравання свядомасці, паводзін і грамадзянскай сталасці іх сыноў і дачок.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *