Лес – гэта не толькі ягады і грыбы

Міхаіл СВІСТУН, дырэктар ДЛГУ   «Ляхавіцкі лясгас»:

– Што такое лес? Перакананы, што многія скажуць нешта накшталт: гэта сосны, бярозы, вольхі, дубы. Яшчэ – ягады-грыбы ў якасці прыемнага і любімага многімі бонуса. Для нас жа з калегамі, а на прадпрыемстве працуе 230 чалавек, лес з’яўляецца лёсам. Як мінімум, працоўным.
Новы год для арганізацый, ана-лагічных нашай, запусціў новы фармат вытворча-гаспадарчай дзейнасці. Экспартны гандаль драўнінай у круглым выглядзе сёння не дазваляецца. Абсалютна апраўданае рашэнне. Лес – багацце, якое ў выпадку дапрацоўкі-перапрацоўкі перад пастаўкамі за мяжу прагрэсіўна павялічваецца.
Дарэчы, Ляхавіцкі лясгас кругляком з замежнікамі не гандлюе ўжо з кастрычніка мінулага года. Актывізавалі ўласную дрэва-апрацоўку. Размешчаны ў вёсцы Крывошын цэх быў перафарматаваны на трохзменны графік работы. Цэх вырабляе пелетную дошку, якая, у асноўным, з’яўляецца экспартным таварам. Прадукцыю нашага лясгаса добра ведаюць у Германіі, працуем з Польшчай, некаторымі іншымі краінамі. Летась толькі на экспарце піламатэрыялаў прадпрыемства выручыла амаль 340 тысяч долараў ЗША. Сёлета плануем нарасціць аб’ёмы паставак, дабавіцца яшчэ адна экспартна арыентаваная таварная пазіцыя. Будзем саграваць замежнікаў нашымі дровамі. З мэтай рэалізацыі апошняй ідэі набываем неабходнае станочнае абсталяванне. Усе арганізацыйна-фінансавыя пытанні вырашаны і чакаем, што з дня на дзень станок «два ў адным» (распілоўка і колка драўніны) прыедзе, будзе ўстаноўлены, пачне працаваць і прыносіць дывідэнды.
У працяг гутаркі пра дровы, колькі слоў пра іх саманарыхтоўку. Любы жадаючы гараджанін ці вясковец можа звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва з просьбай аб выдзяленні ўчастка для нарыхтоўкі дроў для ўласных патрэб. Слова «ўласных» тут ключавое: не для перапродажу, а выключна для сябе і ў аб’ёме да 50 кубічных метраў. Попыт на названую паслугу існуе, аднак, далёка не ажыятажны.
Чакаем маразоў, якія б скавалі асобныя забалочаныя месцы нашых угоддзяў. Нізкія, пераўвільготненыя месцы для вольхі з’яўляюцца асабліва любімымі. А названы від драўніны запатрабаваны на рынку. У вытворцаў фанеры, мэблі на вольху пастаянны попыт. А як яе здабыць з абдымкаў балота? Толькі па «зімніку», які пакуль не ўстанавіўся.
Актыўна працуем над стварэннем новых лесапасадак. У мінулым годзе, напрыклад, новы лес закладзены на плошчы 130 гектараў. Планы на год бягучы яшчэ большыя.
Дадатковую актуальнасць аднаўленне лясоў набыло апошнім часам у сувязі з нашэсцем вяршыннага караеда. Мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджання шкодніка не спыняюцца. Праводзяцца ў тым ліку і ў форме суцэльных высечак, дзе ў якасці замены старым дрэвам з’яўляюцца новыя пасадкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *