Прашу слова

Мікалай ЮРУЦЬ,  старшыня раённага савета  ветэранаў, старшыня акруговай  камісіі Ляхавіцкай выбарчай
акругі № 44 па выбарах у Брэсцкі  абласны Савет дэпутатаў:
– Галасаваць датэрмінова для мяне, можна сказаць, традыцыя. Падчас многіх выбарчых кампаній даводзілася працаваць у камісіях розных узроўняў. Сёлета – таксама, так што 18 лютага будзе для мяне плённым і адказным працоўным днём.
Галасую за тых, хто будзе ў сваёй дэпутацкай рабоце ўлічваць меркаванне сваіх выбаршчыкаў, іх патрэбы, запыты. Для ветэранаў вайны і працы важна, каб ва ўладу прыходзілі тыя, каго сапраўды хвалюе лёс раёна і краіны, –   нераўнадушныя, зацікаўленыя, мэтанакіраваныя, кампетэнтныя.
Па ўласным вопыце ведаю, што дэпутацкая работа – гэта пастаянная работа сярод людзей, для людзей і разам з людзьмі.

Алена БОРТНІК,  намеснік дырэктара Дараўскага  дзіцячага сада-СШ:
– Вельмі люблю наш аграгарадок Дарава – зялёны, спакойны, утульны. Тут мая сям’я, тут працую ў школе. Хачу, каб наш населены пункт быў прыцягальны для моладзі, зручны для жыцця людзей сталага ўзросту, каб ён развіваўся і рос. Таму ў нядзелю 18 лютага пайду на выбары. Мне не ўсё роўна, хто будзе прадстаўляць нашыя інтарэсы ў мясцовых Саветах дэпутатаў – ад гэтага ў многім залежыць дабрабыт землякоў, заўтрашні дзень.
Дачка 11-класніца цікавілася ўжо, за каго буду галасаваць. Разумее, што актыўная грамадзянская пазіцыя – гэта абавязковая ўмова для развіцця.

Ганна БОЛТУЦЬ,  бухгалтар  райфінаддзела:
– Менавіта да дэпутатаў мясцовых Саветаў звяртаюцца людзі за вырашэннем узнікшых праблем у першую чаргу. Галоўнае для нас, выбаршчыкаў, не проста паставіць знак у бюлетэні насупраць прозвішча кандыдата, а зрабіць свядомы і асэнсаваны выбар.
Звычайна з мужам галасуем датэрмінова, сёлетняя выбарчая кампанія не стала выключэннем. 14 лютага прыйшлі на Ляхавіцкі-Ленінскі ўчастак для галасавання №1, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Чаму датэрмінова? Муж у нядзелю, 18 лютага, – на службе.

Вольга ГРЫЦКЕВІЧ,   урач-педыятр Ляхавіцкай ЦРБ:
– На ўчастак пайду абавязкова. Трэба цаніць магчымасць выбару і карыстацца правам выбіраць. Кожны запоўнены бюлетэнь, які апускаецца ў урну, – гэта надзеі, ідэі, спадзяванні, прапановы выбаршчыкаў. Калі раблю выбар, думаю пра сваю Ляхавіччыну, хачу, каб яе паспяховае сёння стала моцным падмуркам шчаслівага лепшага заўтра. А гэта залежыць ад таго, каму мы даверым прадстаўляць нашы інтарэсы ў Саветах. Мой голас – за ініцыятыўнага, зацікаўленага, аўтарытэтнага чалавека, які любіць сваю малую радзіму, імкнецца прымножыць яе багацце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *