Час выбраў нас, таму трэба ісці з ім упоравень

Калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, якая разгледзела вынікі работы галоўнага ўпраўлення і падведамасных арганізацый за 2017 год, паставіла задачы на 2018-ы, праходзіла ў Міжнародны дзень роднай мовы. І гэта надало асаблівае гучанне многім добрым справам і здабыткам, пра якія ішла гаворка ў асяроддзі ідэолагаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, работнікаў культуры. З узнагародай, якую атрымала Брэстчына, а дакладней, Брэсцкі  аблвыканкам, за плённую працу ў галіне культуры па выніках мінулага года, павіншаваў начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Васілій Чэрнік. А начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава падкрэсліла, што ў гэтай перамозе ёсць заслуга ўсіх устаноў культуры Брэстчыны, і падзякавала калегам за плённую творчую працу.
Зразумела, што галоўная ўвага была звернута на выніковасць ідэалагічнай работы, абмяркоўваліся пытанні правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, роля сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці рэгіёна і задачы, якія стаяць перад работнікамі рэдакцый газет, радыё, тэлебачання. Асаблівы акцэнт зроблены на ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у СМІ. Гэтыя тэмы, якія прааналізавала ў сваім дакладзе Таццяна Гагакава, у адносінах СМІ дэталізаваў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вадзім Ляўковіч. У ліку рэдакцый, якія аператыўна і змястоўна асвятляюць ход важнейшых палітычных кампаній, сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, названы і «Ляхавіцкі веснік», а таксама асобна вызначаны мінулагодні творчы праект «Навуковы стыль» і больш «дарослага» ўзросту – «Кропка на карце», які асабліва актуальны і сёлета ў Год малой радзімы.
Начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель, якая прымала ўдзел у калегіі, адзначыла высокі ўзровень многіх журналісцкіх праектаў Брэстчыны, што, на яе думку, могуць стаць прыкладам для калег з усёй краіны. Таццяна Мікалаеўна падкрэсліла, што прэса павінна крочыць упоравень з часам, быць аператыўнай, даступнай, мультымедыйнай, ісці і ў сацыяльныя сеткі.
Таццяна Хмель засяродзіла ўвагу на той акалічнасці, што глыбокі змест Брэсцкай журналістыкі гарманічна дапаўняецца эканамічнай паспяховасцю выданняў – іх самаакупнасцю.
Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка перакананы, што выніковасць ідэалагічнай работы залежыць ад цеснага кантакту ідэолагаў з насельніцтвам. Алег Іванавіч адзначыў, што ў Год малой радзімы вельмі важна захаваць усё лепшае, што ёсць у гарадах, сёлах, маленькіх вёсачках, стварыць брэнд, які замацуе ўнікальнасць канкрэтнага населенага пункта, зробіць яго цікавым у плане турыстычнай прывабнасці. І, канечне, унесці часцінку сваёй працы, сваёй душы ў добраўпарадкаванне.
Па выніках работы ў мінулым годзе лепшыя журналісты былі адзначаны ўзнагародамі. Прыемна і ганарова, што сярод такіх ёсць «веснікаўцы». Загадчыца аддзела радыёінфармацыі і навін Галіна Канько ўдастоена Ганаровай граматы Міністэрства інфармацыі, а загадчыца аддзела сацыяльных пытанняў Наталля Перапечка – Ганаровай граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Шчыра віншуем калег, жадаем новых творчых задумак і здзяйсненняў.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *