Хопіць хавацца – час прачынацца. У мінулыя выхадныя ляхавічане зіму праважалі, вясну сустракалі /фота/

Зазывалы-скамарохі прыпеўкамі і жартамі запрашалі ляхавічан і гасцей горада ў мінулую нядзелю на народнае гулянне – зіму правесці і вясну сустрэць.
Самадзейныя артысты з гарадскіх і сельскіх устаноў культуры танцамі і песнямі, гульнямі і забавамі радавалі гасцей. Народныя майстры прапаноўвалі свае вырабы. Конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, загадкі прыйшліся даспадобы многім. У якасці ўзнагароды – духмяны абаранак ці вясёлая песня.
Спачатку вясна-прыгажуня ганарова праехала ў запрэжаным вазку, а потым на ім пакатацца змог кожны. Знайшліся жадаючыя прадэманстраваць спрыт, настойлівасць, сілу – залезці на высокі слуп з падарункамі. Такі атракцыён пакарыўся некалькім адважным і спрытным юнакам. Яны атрымалі прыз – чайнік.
Кожны сельскі Дом культуры парадаваў не толькі песнямі і танцамі, але і разнастайнымі кулінарнымі пачастункамі. Яркім полымем загарэлася пудзіла зімы – час ёй саступаць дарогу маладзейшай сястрыцы.
Ці пачула вясна прыгожае запрашэнне, пакажа час. А пакуль на календары сакавік, а за акном, здаецца, люты.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *