«Транскрыпцыя любві». Прэм’ера творчага праекта «ЛВ»

Год малой радзімы

Чалавек нараджаецца з вялізным запасам любві. Да жыцця, да бацькоў, да сям’і, да братоў нашых меншых, да прыгажосці людской і навакольнай, рукастваральнай і прыроднай, той, што ў справах, і дадзенай звыш – Богам, сусветным розумам. Але сярод аб’ектаў любві ёсць адзін агульны для планеты людзей – Радзіма. У кожнага народа свая. Наша – Беларусь. А цяпер пытанне: што паўстае перад вачыма, калі ты гаворыш «любімая Беларусь»? У выявах любві ці не самых першых, акрамя дарагіх твараў, той куточак, дзе нарадзіўся, рос сталеў, дзе жывеш. І сталічнаму жыхару, і чалавеку, які жыве ў сціплым райцэнтры, утульным аграгарадку ці зусім маленькай вёсачцы, уяўляецца мілы сэрцу адрас, які завецца малой радзімай. Што яна для цябе? Што ты для яе? Якія думкі-пачуцці-памкненні выклікае? На што натхняе? Чаму вучыць? Што падказвае? Хто і якія яны – землякі? Пра гэта і пра многае іншае ў тэму «ЛВ» плануе расказваць у новым творчым праекце «Транскрыпцыя любві».
Сёння яго прэм’ера. Зусім невыпадкова слова ўзялі жанчыны – пяшчотныя і мудрыя, шчырыя і непаўторныя, цярплівыя і чулыя, настойлівыя і міласэрныя, такія моцныя і такія слабыя. І хіба былі іншыя варыянты, калі ўлічыць, што сустрэча ў “ЛВ” адбылася напярэдадні 8 Сакавіка?!

Сама сабе  зайздрошчу

Святлана ЯКУБОЎСКАЯ, начальнік аддзела   адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
– Сама сабе зайздрошчу: мне пашчасціла нарадзіцца і жыць у мірнай Беларусі, у той краіне, дзе можна спакойна працаваць і адпачываць, вучыцца і займацца творчасцю, сустракаць ціхія мірныя світанкі і любавацца заходам сонца. Ляхавіччына – мой прычал, мая малая радзіма. Ганаруся, што пашчасціла нарадзіцца і вырасці тут, дзе сёння жыву і працую.
Мабыць, кожны задумваецца над тым, што карыснае ён можа зрабіць для сваёй малой радзімы. Я педагог і шмат гадоў працую ў сістэме адукацыі. Бязмежна люб-лю прафесію, калег, вучняў і асэнсоўваю адказнасць за сваю працу. Лічу, што настаўнік мае магчымасці і павінен прывіваць маладому пакаленню павагу да гісторыі сваёй краіны, да народных традыцый, выхоўваць гонар за дзяржаву, свой населены пункт, сваю сям’ю.
Мне не дае спакою адна тэма: вельмі балюча, што менш становіцца вучняў у сельскіх школах. Мару, спадзяюся, планую, што мы з калегамі сёлета паглыбім прафарыентацыйную работу сярод школьнікаў у тым накірунку, каб расшырыць іх уяўленне пра сельскагаспадарчыя прафесіі, дапамагчы пазнаць прыгажосць хлебаробскай справы, палюбіць зямлю і людзей, якія працуюць у вёсцы.
Мару пра тое, каб у верасні як мага больш маладых, творчых, таленавітых, ініцыятыўных, крэатыўных настаўнікаў прыйшлі ў сельскія школы. Пастараемся стварыць для іх такія ўмовы, каб ім захацелася застацца жыць і працаваць у вёсцы.
А яшчэ пераканана, што максімум увагі, сардэчнай зацікаўленасці трэба ўдзяляць прэзентацыі нашага раёна як надзвычай багатага на культурна-гістарычную спадчыну. У нас шмат культурных, гістарычных, архітэктурных помнікаў, якія варта паказаць усяму свету, але, на жаль, пра іх ведаюць не многія. Будзем пашыраць турыстычныя маршруты Ляхавіччыны, каб да нас ехалі госці, якія пасля знаёмства з раёнам імкнуліся б зноў і зноў вяртацца сюды.
І яшчэ пра запаветнае: так бы хацелася стварыць музей адукацыі нашага рэгіёна, каб ушанаваць памяць ветэранаў педагогікі, расказаць больш выразна  пра сённяшні дзень школ, пазашкольных устаноў, дзіцячых садкоў, пра лепшых настаўнікаў нашай малой радзімы, якія ва ўсе часы, акрамя ведаў па праграмных прадметах, выхоўвалі і выхоўваюць у сваіх вучняў патрыятызм.

У абмене рэчываў  маёй душы

Жанна ЛЕШЫК, старшыня   раённай арганізацыі таварыства   Чырвонага Крыжа:
– Што такое любоў? У кожнага свая трактоўка. Для мяне ў гэтым слове – цэлае жыццё. Ставіць перад сабой мэты і ісці да вынікаў, ажыццяўляючы мары і жаданні, быць шчаслівай у сям’і і на працы, рашаць задачы, для якіх чалавеку дадзены магчымасці і ўласцівасці характару.
Любіць – значыць удзяляць увагу тым людзям, якія побач. Мне падабаецца праводзіць час з маёй сям’ёй, раніцай снедаць разам з дзецьмі і ўнукамі спечанымі па сваім фірменным рэцэпце блінчыкамі, жадаць усім добрага дня. Заўсёды радуюся і адчуваю паўнату жыцця, калі ўся сям’я, у тым ліку і чатыры ўнукі, збіраецца на святы, калі разам адпачываем, любуемся прыродай, размаўляем.
Каб любіць, трэба навучыцца аддаваць, але каб аддаваць, неабходна самой быць напоўненай любоўю, дабрынёй, цярпеннем, разуменнем, спачувальнасцю, міласэрнасцю.
Любіць – значыць прыносіць карысць не толькі сваёй сям’і і іншым людзям, але і сваёй малой радзіме. Мне пашчасціла нарадзіцца, вырасці і жыць тут, у Ляхавіцкім раёне. Заўсёды, усё жыццё хачу прыносіць карысць чалавеку, якому патрэбна мая дапамога, сям’і, свайму раёну, Брэстчыне. Да мяне часта прыходзяць землякі, у сем’ях якіх праблемы. І я стараюся пачуць іх, зразумець, знайсці рашэнне для гэтай сям’і. Калі чалавек «стукаецца» ў дзверы, гэта азначае, што яму сапраўды ПАТРЭБНА дапамога (добрае слова, суперажыванне, парада). Як жа важна зразумець і дапамагчы.
На працягу многіх гадоў разам з валанцёрамі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ўдзельнічаю ў рэалізацыі міжнародных праектаў. Летась атрымалі гранд на праект «З клопатам пра здароўе», пры падтрымцы дацкага Чырвонага Крыжа для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў І і ІІ групы былі закуплены танометры, масажная падушка, небулайзер, медыкаменты, глюкаметр з тэст-палоскамі на суму 500 умоўных адзінак. Сёлета таксама падрыхтавалі праект – ён звязаны з добраўпарадкаваннем парка па вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры. Спадзяёмся на станоўчы вынік. Усё гэта і многае іншае, можна сказаць, не проста работа, а тое, што знаходзіцца ў абмене рэчываў душы.
Мне ўтульна і радасна жыць у куточку зямлі беларускай, які па праве называю сваёй вялікай малой радзімай.

Якія ж мы багатыя!

Ларыса ГЛЕБ, бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі:
– У сэрцы кожнага чалавека ёсць куточак, у якім жыве памяць пра сваю малую радзіму. Нават калі ты недзе далёка ад гэтага месца, настальгічна цёплыя ўспаміны заўсёды напоўнены любоўю і жаданнем вярнуцца туды, каб не толькі пабачыць, але зрабіць нешта добрае ў знак сваёй любві. А мне і вяртацца нікуды не трэба, таму што са сваёй маленькай радзімай і не развітвалася – нарадзілася ў Свяціцы, жыву ў Падлессі.
Нашы мясціны маюць багатую духоўную і культурную спадчыну. Яны ўзгадавалі шмат вядомых таленавітых людзей: паэта Анатоля Бярозку, мастака Мікалая Таранду, прафесара, доктара медыцынскіх навук Віталія Ракуця, вучонага фізіка Міхаіла Петуха, вядомага савецкага спевака Мікалая Пігулеўскага. Менавіта тут больш як 75 гадоў назад славуты Генадзь Цітовіч арганізаваў легендарны мастацкі калектыў – Падлескі народны хор.
Якія ж мы багатыя на гісторыю, культурную спадчыну, духоўнасць! У нас ёсць нават свой святы – Серафім Жыровіцкі, які родам з Падлесся. А колькі слаўных працай людзей! Не стамляемся ўслаўляць усё гэта, ганарымся, працягваем традыцыі. І ў далейшым, не сумняваюся, будзем сумесна з нашымі школай, СДК, сельскай бібліятэкай, Святадухаўскай царквой, разам з нераўнадушнымі землякамі ўслаўляць сваю малую радзіму – гэту блаславенную зямлю, пра якую мне хочацца гаварыць вершамі.

Падлессе – слаўная старонка.
І пра яе з высокіх нот
Цітовіч з хорам пелі звонка
І праслаўлялі ўвесь наш род.
Як жа грымела і спявала
Падлессе хорам удалым!
Паверце – гэта ўжо нямала,
І дзякуй землякам маім.
І нездарма Святога Духа
У Падлессі слаўная царква
Свайго святога ўзгадавала,
Нам гэты цуд падаравала,
Каб Серафім за нас маліўся,
Каб кожны, хто тут нарадзіўся,
Сваёй Радзімай ганарыўся.
Не многа трэба… і не мала –
Каб наша вёска прагучала.
Няхай квітнее між садоў
Падлессе наша зноў і зноў!

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *