У зямлю не пакладзеш – з зямлі не возьмеш

Вясна ўжо зазвінела капяжамі. Наколькі хуткім будзе яе надыход – мае значэнне. Для ўсіх, аднак, для работнікаў сельскай гаспадаркі ў куды больш істотнай ступені. Для іх пажадана, каб тэмпературны рост здарыўся не адразу, а паступова павышаў сваю інтэнсіўнасць. У такім выпадку працэс трансфармацыі снегу ў ваду становіцца больш працяглым. Для сельгасугоддзяў гэта шчасце, якое выражаецца ў магчымасці глебы максімальна поўна падсілкавацца талай вільгаццю. А яна для яравых палеткаў, калі не гаючы бальзам, то важнейшы складнік прадукцыйнасці нівы. Аднак, далёка не адзіны: тукі і арганіка, унесеныя ў неабходнай колькасці і ў патрэбны час, з’яўляюцца адной з перадумоў добрых ураджаяў.
Якімі «складамі» мінеральных удабрэнняў і арганічных угнаенняў аграрыі раёна валодаюць па стане на пачатак каляндарнай вясны, «Ляхавіцкаму весніку» расказаў вядучы аграхімік па Ляхавіцкім раёне Брэсцкай абласной станцыі хімізацыі Генадзій Русін:
– Для правядзення яравой сяўбы і ранніх веснавых падкормак раёну патрабуецца 1560 тон дзеючага рэчыва фосфарных, 2741 – калійных і 4575 – азотных удабрэнняў. Рэальныя запасы выражаюцца істотна больш сціплымі лічбамі і складаюць 363, 1022 і 1675 тон адпаведна. На аналагічную дату летась фосфару ў гаспадарках раёна было назапашана на 57 тон менш, калію – роўна столькі ж, як і зараз, азоту – на 246 тон больш. За прайшоўшы перыяд закуп тукаў стаў для гаспадарак адчувальна больш затратным.
Пра азот, паколькі з унясення найперш іменна гэтага элемен-та ўрадлівасці пачынаюцца для аграрыяў раннія палявыя клопаты. Аслабленыя доўгай зімой азімыя збожжавыя, рапс, шматгадовыя травы, сенажаці і паша патрабуюць мінеральнай падтрымкі, каб не «тармазіць» на старце вегетацыйнага перыяду, а наадварот максімальна актыўна пайсці ў рост. Па рэгламентах падкормачныя работы пачынаюцца адразу, як толькі з’яўляецца такая магчымасць: глеба падветрае да стану гатоўнасці прыняць на сябе адмысловыя машыны і агрэгаты. Найбольш запаслівымі па азоце гаспадарнікамі раёна з’яўляюцца СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», ААТ «Шлях новы».
Два названыя першымі прадпрыемствы ў кампаніі з ААТ «Жарабковічы» могуць пахваліцца і сваімі запасамі хлорыстага калію. Асабліва «Ляхавіцкі», дзе названага хімкампанента ўрадлівасці назапасілі больш чым 100 працэнтаў ад гатоўнасці. «Нача» забяспечыла сябе на вясну каліем на 99 працэнтаў ад нормы, «Жарабковічы» – менш як на палавіну. Генадзій Русін тлумачыць, што гэты від мінудабрэння ўносіцца пад яравую сяўбу ў якасці элемента падкормкі шматгадовых траў і лугапашавых угоддзяў.
Тукаў фосфарнай групы закупілі ў колькасці 23,3 працэнта ад нарматыўнай патрэбы. А тройку лідараў утвараюць тыя ж, што і ў папярэднім выпадку, сельскагаспадарчыя арганізацыі. Памяняўся толькі парадак месцаў: «Нача» ўжо забяспечыла сябе фосфарам на 64 працэнты ад нарматыўнай патрэбы, «Ляхавіцкі» – на 52, а «Жарабковічы» – на 28.
Што тычыцца сельгаспрадпры-емстваў раёна, назвы якіх пакуль не гучалі, іх запасы мінеральных удабрэнняў выражаюцца досыць сціплымі аб’ёмамі. А ў некаторых тукі асобных відаў пакуль і ўвогуле адсутнічаюць.
У накірунку акумуляцыі арганікі аграрыі раёна працягваюць шчыраваць нараўне з іншымі вызначальнымі перадпасяўнымі клопатамі. Генадзій Русін раскрыў асобныя параўнальныя характарыстыкі мінудабрэнняў і арганічных угнаенняў. Іх агульны пачатак у тым, што тона ўмоўнай арганікі ўтрымлівае
3,5 кілаграма безумоўнага азоту, 3,4 кілаграма – калію і 1,8 – фосфару. Плюс нямала іншых патрэбных глебе і карысных раслінам кампанентаў (напрыклад, такая важная субстанцыя паказчыка ўрадлівасці, як гумус).
Згодна з планавымі разлікамі пад ярыну аграрыям раёна спатрэбіцца 413 тысяч тон гною. Гэтыя «тукі» купляць не трэба, і, па статыстыцы на канец першага тыдня сакавіка, з планавай лічбай нашы вяскоўцы справіліся больш як на 95 працэнтаў. Большасць з нарыхтаванага – 83 працэнты ад агульнай колькасці – знаходзіцца ў палях. Калі зямля будзе спрыяць праезду тэхнікі, пачнецца яго ўнясенне.
Некаторыя з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў паспелі «перабраць» планавыя лічбы па арганіцы. Да арганізацый, назвы якіх ужо гучалі, правільным будзе дабавіць ДП «Ліпнянка», якое план па нарыхтоўцы арганікі перавыканала ледзь ці не на чвэрць.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *