Лёгкая пара пад замком?

Ванна ці душавая кабінка ёсць бадай у кожнай гарадской кватэры ці доме, для многіх вяскоўцаў гэта таксама не навінка. Але па-ранейшаму не губляе сваёй актуальнасці і запатрабаванасці лазня. І не толькі ў прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, для якіх традыцыйнае «З лёгкай парай!» становіцца не проста чарговай мыйкай, а своеасаблівым рытуалам. Нямала сярод землякоў і тых, для каго лазня – адзінае месца, дзе можна з камфортам не толькі папарыцца, але і памыцца. Праўда, апошнім часам у сувязі са стратнасцю некаторыя лазні закрываюцца. Што ў нашым раёне?

Асноўны лазневы гаспадар на Ляхавіччыне – жылкамунгас: на яго балансе знаходзіцца 10 дзеючых падобных аб’ектаў (адна гарадская, 9 у сельскай мясцовасці). Яшчэ ў дзвюх іншыя ўласнікі: у Жарабковічах – ААТ «Жарабковічы», у Тухавічах –  ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі».
– Летась камунгасаўскія лазні наведалі 9130 чалавек, з якіх 1620 – у сельскай мясцовасці. Кошт аднаго білета (а гэта 2 гадзіны мыйкі-парылкі) – 3,8-3,9 рубля. А вось сабекошт такога задавальнення куды вышэйшы, у горадзе – 14,5 рубля, у вёсцы – 24,3. Атрымліваецца, што ў пераважнай большасці паслуга для аматараў папарыцца кампенсуецца за кошт сродкаў камунгаса. Летась яго лазневыя страты склалі 114 тысяч рублёў. Як адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара Ляхавіцкай ЖКГ Аляксандр Жук, найбольш неэфектыўна спрацавалі лазні ў аграгарадках Востраў, Малое Гарадзішча, вёсцы Свяціца, дзе ўзровень наведвання склаў ад 8,8 да 10,8 працэнта ад магчымага. Самы высокі сабекошт памыўкі ў Свяціцкай лазні – 58,4 рубля!.. Камунгас не бачыць іншага выйсця, як закрыццё лазняў у гэтых населеных пунктах. Што, па разліках, дазволіць атрымаць эканомію 8,6 тысячы рублёў за год.
Эканоміка, безумоўна, важная акалічнасць. Але, як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч на адной з апаратных нарад, дзе разглядалася лазневае пытанне, нельга забываць пра не менш важны сацыяльны аспект. Няма ніякай праблемы спыніць работу лазні: павесіў замок – і ўсё. А дзе ж мыцца-парыцца вяскоўцам? Не ва ўсіх вёсках ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне, адпаведна свая ванна ў доме. Уласнымі лазнямі могуць пахваліцца нямногія. А большасць сельскіх жыхароў – людзі сталага ўзросту, не вельмі нацягаешся вады з калодзежа –  здароўе не дазваляе. Як і дзе людзям нармальна памыцца?
Кіраўнік раёна лічыць гэта пытанне надзвычай актуальным і патрабуе ад кіраўніцтва жылкамунгаса, старшыняў сельвыканкамаў узважанага падыходу да яго вырашэння. Важна зрабіць не толькі эканамічныя разлікі для вызначэння аптымізацыі лазневай сеткі. Сельвыканкамам сумесна з жылкамунгасам неабходна ў бліжэйшы час правесці маніторынг эфектыўнасці работы лазняў і запатрабаванасці такой паслугі ў насельніцтва. Акрамя таго, кіраўніцтва ЖКГ павінна дакладнымі разлікамі затрат на рамонт, утрыманне гэтых аб’ектаў аргументаваць мэтазгоднасць закрыцця лазняў у Малым Гарадзішчы, Востраве, Свяціцы і прапрацаваць магчымыя варыянты далейшага лазневага абслугоўвання жыхароў гэтых населеных пунктаў.
Вячаслаў Сельмановіч звярнуў увагу на тое, што паралельна з гэтым пытаннем можна вырашаць яшчэ адно надзвычай актуальнае – занятасці насельніцтва. Магчыма, хтосьці ініцыятыўны, прадпрымальны пажадае арганізаваць прыватную лазню ці выкупіць тую, якая знаходзіцца цяпер у камунальнай уласнасці, альбо арганізаваць падвоз насельніцтва ў запланаваныя дні з аддаленых вёсак у тыя, дзе ёсць лазні.

Галіна КАНЬКО.

РЭЗАНАНС

«Лазня з часавымі нязручнасцямі»

Па выніках разгляду матэрыялу, апублікаванага ў газеце «Ляхавіцкі веснік» (№ 11 ад 10 лютага 2017 года) «Лазня з часавымі нязручнасцямі» паведамляем наступнае.
Рэжым работы гарадской лазні па нядзелях не змяніўся: з 10.00 да 17.00.
У суботу рэжым работы лазні скарочаны на 2 гадзіны (пачатак работы з 12.00, было з 10.00), у сувязі з нізкім наведваннем у даны прамежак часу – не больш як 6-8 чалавек, пры адначасовай умяшчальнасці лазні 50 чалавек.
У цэлым за мінулы год наведванне лазні склала ўсяго толькі 34,1 працэнта ад магчымага. КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» вымушана ісці на такія меры з мэтай скарачэння затрат, бо прадпрыемства адпускае паслугі па сацыяльных тарыфах, якія вяртаюць толькі 23,6 працэнта затрат.
Прадпрыемству даводзіцца самастойна ўтрымліваць лазні. За 2017 год лазневыя паслугі прынеслі 114 тысяч рублёў страт.
Аляксандр ЖУК, в. а. дырэктара КУМПВ ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *