Бізнес на сырадоі

Няхай і нязначна, але колькасць кароў на падвор’ях землякоў павялічылася. Па стане на 1 сакавіка раённы прыватны статак складаўся з 326 рагуль – плюс 20 у параўнанні з пачаткам леташняй вясны. Сёлета за 2 месяцы ў насельніцтва закуплена 124 тоны малака. Менш, чым летась, – у Жарабковіцкім, Начаўскім, Альхоўскім сельсаветах. Як і раней, малочны лідар у прыватным сектары – Ганчароўскі: з пачатку года мясцовыя жыхары прадалі ледзь ці не ўдвая больш сырадою, чым за аналагічны перыяд мінулага года. І ўсё дзякуючы фермерскай гаспадарцы «ЛагуЦін».

Мяркуючы па ўсім, у бліжэйшы час плюсаваць тут будуць яшчэ настойлівей: мясцовая ініцыятыва «Доўгая карова» хутка прынясе свой плён. 23 высокаўдойныя цялушкі яшчэ мінулай восенню знайшлі новых гаспадароў (прычым не толькі ў Ганчароўскім сельсавеце), якія пры належным доглядзе за жывёлай будуць мець малако і для ўласных патрэб, і на продаж. Сярод такіх шчасліўчыкаў – сям’я Гладкіх з вёскі Альхоўцы. Напрыканцы мінулага года іх міні-ферма з кароў Зорка, Белка, Рамашка, Пяструшка, Чарнушка і бычка Боркі папоўнілася цялушкай з «Доўгай каровы», якую ўнучак гаспадароў назваў Чашуйкай.
– Старшыня сельвыканкама расказаў нам пра ініцыятыву «Доўгая карова». Вырашылі паўдзельнічаць. Забіраць ездзілі самі. Цялушка прыжылася ў нашым статку хутка. Дзе пяць, там і яшчэ адной знойдзецца месца. Канешне, з такой вялікай гаспадаркай, як наша, адзін бы не справіўся. З мужам усё робім разам,
па неабходнасці далучаюцца і дарослыя сыны, якія жывуць асобна. Райаграсэрвіс дапамагае сенам, праўда толькі для адной каровы. А вось малако прадаём ад пяці. Цяпер, калі тры рагулі ў запуску, праз дзень здаём малаказборшчыку па 70 літраў, – расказвае Святлана Гладкая.
Муж і жонка малочным бізнесам займаюцца не першае дзесяцігоддзе і лічаць гэту справу прыбытковай. Адной з прычын адмовы землякоў ад прыватнай жывёлагадоўлі называюць адсутнасць у наваколлі добрых пашаў.
У Крывошынскім сельсавеце прыватны статак хоць і зменшыўся на 7 кароў, але колькасць прада-дзенага на перапрацоўку малака павялічылася на трэць: ад кожнай рагулі прадалі на 64 кілаграмы сырадою больш. Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч тлумачыць:
– Гаспадары сталі больш клапаціцца пра жывёлу, палепшыўся рацыён – і надоі не прымусілі сябе чакаць. Людзі думаюць, чым я горшы за суседа, які трымае на падвор’і карову? Стараюцца зарабіць на малацэ лішні рубель. Канешне, для гэтага даводзіцца папрацаваць.
Свяцічане Алена Грыбоўская і Аляксандр Ляўша ў прыватнай жывёлагадоўлі – навічкі, за малочны бізнес узяліся летась. І сёння 10 кароў шчодра аддзячваюць руплівым гаспадарам: за дзесяцідзёнку малаказборшчыкі забіраюць з гэтага падвор’я тону малака.
Дарэчы, у Свяціцы зборам малака займаецца КСУП «Ліпнянка». Калі ж узнікаюць нейкія праблемы з транспартам, падстрахоўвае малочны завод. Зімой малако збіраюць праз дзень, як пацяплее – штодзённа.
Вольга Сібрыкава з Галаўнінцаў свой міні-статак з трох кароў даглядае клапатліва. Прызнаецца, калі б не падтрымка сям’і, наўрад ці трымала б столькі.
Дарэчы, усе сельгасарганізацыі раёна стараюцца падтрымліваць і заахвочваць прыватнікаў. Аказваюць розныя паслугі гаспадарам, якія маюць кароў і  лішкі прадукцыі прадаюць на перапрацоўку: напрыклад, змалоць зерне, палячыць жывёлу ці правесці прафілактычныя ветэрынарныя мерапрыемствы, купіць маладняк для дарошчвання, атрымаць сена ці пашу, соткі і іншае.
Плюсуе на прыватным малацэ і Навасёлкаўскі сельсавет. Старшыня сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка адзначае, што апошнім часам інтарэс да прыватнай гаспадаркі ў вяскоўцаў узмоцніўся, павялічылася колькасць падвор’яў, дзе ўтрымліваюць свойскую жывёлу. Валавы закуп малака складае 120 працэнтаў да леташняга. У сярэднім ад кожнай каровы з прыватнага падвор’я закуплена за
2 месяцы 411 кілаграмаў малака (на 45  кілаграмаў больш леташняга).
У Вялікай Лотве ў гаспадарцы Таццяны Барташэвіч – 44 рагулі (за мінулы год прададзена 173 то-
ны малака), Дзмітрыя Масцілоў-скага –15 (18,5 т). Жыхарка аграгарадка Навасёлкі Святлана
Паляшчук расказвае:
– Каля дзесяці гадоў займаемся малаком. Канешне, гэта нялёгка, але мы з мужам людзі вясковыя, да работы прывучаныя. Да таго ж і прыбаўка ў сямейны бюджэт істотная. «Шлях новы» дапамагае зернем, сенам. Частку кармоў купляем і нарыхтоўваем уласнымі сіламі.
Карова Лялька і яе дачка Малышка – статак Паляшчукоў невялікі, але высокаўдойны. Летась з гэтага падвор’я прадалі на малочны завод 14 тон малака.
Марына Камінская з Бажкоў летась рэалізавала 11 тон малака ад дзвюх кароў, Руслан Гіль з Вялікай Лотвы – 10,5 тоны ад трох, Вольга Лета з Пранчакоў – 14,5 тоны (у яе таксама тры каровы).
Аляксандр Мацюшэнка падкрэс-лівае, што нарыхтоўка малака з уласных падвор’яў – у цэнтры ўвагі сельвыканкама. У такой адказнай справе, як развіццё асабістых падсобных гаспадарак, даводзіцца выступаць і кантралёрамі, і арбітрамі ва ўзнікаючых спрэчках паміж малаказдатчыкамі і малаказборшчыкамі.
– Калі і ўзнікаюць пытанні па якасці і тлустасці малака, стараемся адразу іх вырашыць. Хачу адзначыць малаказборшчыка Наталлю Галавін, якая абслугоўвае Навасёлкі, Пранчакі, Бажкі, Вялікую Лотву. Яна стараецца не дапускаць канфліктаў, уважліва адсочвае якасць прымаемай сыравіны, – расказвае старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама.
У Начаўскім сельсавеце прыватны статак зменшыўся за год на 4 каровы, прададзена на перапрацоўку ўсяго 68 працэнтаў ад колькасці за аналагічны перыяд. У Начаўскім сельвыканкаме тлумачаць неспрыяльную сітуацыю: і насельніцтва старэе, і сезон пакуль такі, што частка статка ў запуску. Пры гэтым запэўніваюць, што ў бліжэйшыя месяцы ўсё павінна паправіцца ў лепшы бок у плане здачы малака.
У Альхоўскім сельвыканкаме малочны мінус таксама тлумачаць узростам насельніцтва: маўляў, пажылым цяжка трымаць гаспадарку. За 2 месяцы года закуплена малака з прыватных падвор’яў на 12 працэнтаў менш леташняга. Але некаторыя вяскоўцы, напрыклад, Ігар Хлябаеў з Задвор’я, Уладзімір Пастушак з Малога Гарадзішча трымаюць па 5 кароў, прадаўжаюць займацца гэтай нялёгкай справай.
За студзень-люты сёлета 375 тон ці 2,4 працэнта малака ў агульным аб’ёме сыравінных закупак СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» – з прыватных падвор’яў. Дарэчы, на фінансаванне паслуг па зборы малака перапрацоўчае прадпрыемства пералічвае на рахункі сельгаспрадпрыемстваў раёна  ўнушальныя сумы.
Тэхнолаг па сыравіне Наталля Беляновіч расказала, што малако з прыватных падвор’яў прымаецца першым гатункам і патрабаванні да яго якасці ставяцца сур’ёзныя. У першую чаргу, яны датычацца элементарнай чысціні (напрыклад, адна з абавязковых умоў – прафільтраваць малако). Бярэцца аналіз з кожнай партыі паступіўшага на завод малака і на наяўнасць саматычных клетак і антыбіётыкаў. Самае крыўднае для добрасумленных здатчыкаў, калі з-за аднаго нядбайнага гас-падара вяртаецца ў вёску ўся малочная партыя. Такія выпадкі, па словах Наталлі Беляновіч, хаця і не часта, але здараюцца.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *