Бачыць дабро, рабіць дабро

У дваццаты дзень сакавіка на вуліцы было ветрана і не па-вясноваму марозна. А ў доме № 19 па вуліцы Заходняй у райцэнтры – сонечна, пяшчотна, шчыра ад шматлікіх віншаванняў, і цёплых пажаданняў у адрас гаспадыні. Зоя Хмарык святкавала чарговы дзень нараджэння. Віншавалі яе не толькі родныя, блізкія, сябры, але і калегі, аднадумцы, блізкія па духу людзі з раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Яе старшынёй Зоя Іванаўна была больш за паўтара дзесяцігоддзі да жніўня 2015-га. За гэты час раённая арганізацыя БелТІЗ, членам праўлення якой яна з’яўляецца і цяпер, істотна вырасла і налічвае 230 чалавек.

– Прадстаўнікоў самых розных узростаў, адукацыі, прафесій аб’ядноўвае адно – частковая, а то і поўная страта зроку. Нягледзячы на фізічны недахоп, гэта вельмі добрыя і спагадлівыя людзі, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці грамадства, –  расказвае Зоя Іванаўна.
І прыгадвае, колькі цікавых мерапрыемстваў,сустрэч, спартыўных спаборніцтваў, экскурсій па гістарычных мясцінах было арганізавана разам. Імкненне дапамагчы іншым грамадзянам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, жаданне жыць, вучыцца, працаваць, вандраваць, з цікавасцю праводзіць вольны час, займацца любімай справай, адчуваць сябе патрэбнымі, мець надзейных сяброў – усё гэта аб’яднала іх у раённую арганізацыю. А ініцыятарам і натхняльнікам разнастайных спраў была добразычлівая Зоя Хмарык.
Яна з удзячнасцю расказвае, як многія пачынанні падтрымлівалі і дапамагалі рэалізоўваць, у тым ліку і фінансава, райвыканкам і розныя арганізацыі, прадпрыемствы, спонсарскую дапамогу аказвалі прадпрымальнікі і грамадскія арганізацыі, землякі –  шчырыя і нераўнадушныя людзі. А яна спяшалася пра кожную падзею, цікавае мерапрыемства, што ладзілася для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, расказаць землякам на старонках «ЛВ» –  актыўна супрацоўнічала з раёнкай, пастаяннай падпісчыцай якой з’яўляецца.
І сёння Сцяпан Юруць, Святлана Куркач, Ірына Піскун, Валянціна Бортнік, Віктар Асіповіч, Валянціна Кахновіч – сярод актывістаў Ляхавіцкай арганізацыі таварыства. З пашанай успамінае свайго папярэдніка Уладзіміра Страмавуса, які ўзначальваў раённую арганізацыю БелТІЗ 20 гадоў, гэта ён аб’яднаў землякоў з парушэннямі зроку.
Пра членаў таварыства Зоя Іванаўна можа расказаць шмат цікавага.
У Альхоўцах жыве Павел Курловіч. Калі мужчыне было 33 гады, здарыўся няшчасны выпадак: падчас рамонту аўтамабіля ў вочы вадзіцелю трапіла хімічная вадкасць – зрок прапаў поўнасцю. Інвалідам І групы Павел Канстанцінавіч стаў у росквіце сіл. Скарыцца, здацца на літасць лёсу – гэта не пра яго. Ён адразу даў сабе ўстаноўку: як бы складана ні было, трэба жыць паўнацэнным жыццём, і калі не бачыць яго ў рознакаляровых фарбах, то хаця б адчуваць усю прыгажосць і адметнасць.
– Спачатку было вельмі цяжка, але я ўпарты, паставіў мэту – дасягаю. Мой галоўны памочнік жонка Таццяна, яна бачыць за нас дваіх, – гаворыць Павел Курловіч.
Пасля трагедыі прайшло больш за 20 гадоў, і сёння ён справіцца з любой паломкай у машыне, «бачыць» усе механізмы рукамі. А на пытанне, як у яго ўсё атрымліваецца, адказвае запрашэннем: прыязджайце ў госці, разам дровы пасячом.
З такім жа натхненнем Зоя Іванаўна расказвае пра Галіну Дрончанка са Шчэрбава. Для яе Ляхавіччына стала другой радзімай. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Галіна Мартынаўна яшчэ нейкі час працавала на тэрыторыі, якая хутка стала зонай адчужэння. Там, лічы, і згубіла зрок. Але няшчасце не перакрэсліла жыццё, а проста падзяліла яго на «да» і «пасля». Нягледзячы на хваробы і нязручнасці, яна доўгі час трымала вялікую падсобную гаспадарку, з усім спраўлялася сама.
Так, большасць людзей з дрэнным зрокам імкнецца вырашыць свае праблемы самастойна. Але, як адзначае Зоя Хмарык, дзяржава не пакідае іх сам-насам з бядой і нязручнасцямі. Толькі ў райцэнтры за апошнія гады зроблена нямала для стварэння безбар’ернага асяроддзя. Напрыклад, устаноўлены гукавыя святлафоры, у цэнтральнай раённай бальніцы і паліклініцы, цэнтры банкаўскіх паслуг, тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яркай фарбай пазначаны першая і апошняя прыступкі лесвічных пралётаў, спецыяльная каляровая маркіроўка ёсць і на аўтазаправачнай станцыі. Шкада, што такога няма на прыступках магазінаў.
Нямала льготаў для інвалідаў па зроку I і II груп. Так, пры наяўнасці неабходных дакументаў і медыцынскага заключэння, яны могуць звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і атрымаць са скідкай за кошт сродкаў мясцовага бюджэту гукавыя гадзіннікі, плэеры ці смартфоны.
Штогод у кастрычніку-лістападзе для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем інвалідаў па зроку, дзейнасці арганізацыі, а таксама каб дапамагчы відушчым убачыць тых, хто не  бачыць, праходзіць месячнік «Чалавек з белым кіем». Дарэчы, з 1969 года  15 кастрычніка аб’яўлена Міжнародным днём белага кія. Кій для невідушчага не проста інструмент і апазнавальны знак, але яшчэ і яго «вочы». Важна, каб людзі, якія маюць дрэнны зрок, былі паўнапраўнымі  членамі грамадства – працавалі, адпачывалі, падарожнічалі, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Без дапамогі іншых лю-дзей ім  справіцца цяжка. Павага і добразычлівасць – асноўныя прынцыпы зносін паміж відушчымі і тымі, хто мае абмежаванні зроку.
Дапамагаць іншым, клапаціцца пра слабых, спачуваць, суперажываць тым, хто трапіў у бяду, – гэтаму Зою Хмарык з дзяцінства вучылі бацькі, звычайныя вяскоўцы. Яна была старэйшай у сям’і, як сама прыгадвае, і нянькай, і настаўніцай, і сяброўкай для шасці сваіх брацікаў і сястрычак.
– Жылі ў вёсцы Гута. Прачыналіся рана, старэйшыя дапамагалі спраўляцца па гаспадарцы, яна ў нас была вялікая – каровы, свінні, куры. Потым дарослыя адпраўляліся на працу: бацька шчыраваў майстрам у Гутаўскім леспрамгасе, мама – паляводам у калгасе «Шлях камунізму». А мы, дзеці, хадзілі ў школу ў Скорынкі ў Баранавіцкім раёне. Да вечара трэба было і ўрокі парабіць, і ў хаце прыбрацца. А яшчэ прыгатаваць корм для свойскай жывёлы, летам, напрыклад, бегалі на балоты рвалі бабоўнік для свіней, – успамінае Зоя Іванаўна.
Сялянскую справу яна ведала з дзяцінства, таму і прафесію выбрала адпаведную – вучылася на заатэхніка ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме. Працавала лабарантам у Баранавіцкай райплемстанцыі, потым брыгадзірам норкавай брыгады.
Хто ведае, можа яе жыццё і далей было б звязана з сельскай гаспадаркай, але лёс унёс у яго свае карэктывы. Сёлета ў сям’і Хмарык некалькі юбілеяў – 70-гадовы ў мужа Зоі Іванаўны Івана Аляксеевіча і жамчужнае вяселле – 30 гадоў сумеснага жыцця. Зоя Хмарык называе сябе шчаслівай, бо знайшла сваю другую палавінку, жывуць у ладзе і згодзе, разам выхавалі траіх дзяцей, пестуюць сямёра ўнукаў.
– На пенсіі жыццё толькі пачынаецца. Хаця часу ўсё роўна не хапае. Вось было б у сутках трохі больш гадзін…Люблю перарабляць старыя рэчы, майстраваць з іх новыя. Але галоўнае маё захапленне, якім дрэнным ні быў бы зрок, – чытанне, аддаю перавагу духоўнай літаратуры, – гаворыць Зоя Хмарык.
Яе тэлефоны – мабільны і дамашні –  рэдка адпачываюць, як і сама гаспадыня. Зоя Іванаўна стараецца быць у гушчыні падзей, а іх навокал шмат. Іванаўна, ты аптымістка – гавораць пра яе знаёмыя.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *