Чысты-чысты красавік. У Ляхавіцкім раёне праходзіць месячнік добраўпарадкавання

На тэрыторыі Ляхавіччыны працягваецца месячнік па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку, які будзе доўжыцца да 28 красавіка. Яго выніковасць залежыць ад дакладнай арганізацыі работ і актыўнага ўдзелу ў іх працоўных калектываў, адказных за парадак службаў і ўсяго насельніцтва раёна.

Работніцы «зялёнага будаўніцтва» камунгаса Іна Зубік (у цэнтры) і Любоў Жукава вырошчваюць расаду кветак для гарадскіх клумбаў.

За гэты час неабходна прыбрацца на падведамасных і прылягаючых тэрыторыях, правесці азеляненне, абрэзку старых дрэў, падрыхтаваць кветнікі і клумбы, парамантаваць-пафарбаваць агароджы. Усё гэта – пад адказнасць кіраўнікоў працоўных калектываў.
Многае належыць зрабіць жылкамунгасу: пасадка 800 дрэў, 500 кустоў, больш як 6000 кветак; прыборка тэрыторый гаражных масіваў па вуліцах Южакова, Юбілейная, 60 гадоў Кастрычніка, Арлоўскага, завулку Пушкіна; комплексная ўборка і падрыхтоўка да сезона паркаў і сквераў; ачыстка канала па вуліцы Мінскай; ямачны рамонт вуліц Купалы, Пташука; грэйдзіраванне гравійных дарог у райцэнтры; нанясенне дарожнай разметкі; афарбоўка бардзюраў і дрэў па вуліцы Леніна; навядзенне парадку ў дварах і на тэрыторыі ачышчальных збудаванняў і КПС у Ляхавічах, на гарадскіх могілках.
Райпо ў адказе за навядзенне парадку і добраўпарадкаванне тэрыторый сваіх гандлёвых кропак, рамонт і абнаўленне іх фасадаў і інш:
За належны стан парадку ў парку ля адміністрацыйнага будынка райаграсэрвіса адказвае гэта арганізацыя, а ПМК-17, адпаведна, – за добраўпарадкаванне з усім комплексам работ на сваёй тэрыторыі.
Няма сумнення, што, як заўсёды, ідэальны парадак будзе зроблены на тэрыторыі райбальніцы.
Давядзецца пашчыраваць падчас месячніка работнікам аўтобуснай і чыгуначнай станцый.
Сярод мерапрыемстваў «чыстага красавіка» – падрыхтоўка дзіцячага парка да сезона (адказны дырэктар ГДК).
Уборка абочын і прыдарожных дарог, касметычны рамонт прыпыначных пунктаў і навядзенне парадку на прылягаючых да іх тэрыторый – у зоне адказнасці ДЭУ-24, ДЭУ-23, ДРБУ-200, а ў лясным фондзе (уздоўж дарог ля месцаў адпачынку) – лясгаса, як і, дарэчы, ліквідацыя несанкцыянаваных сметнікаў.
На гэты час прыпадае і правядзенне акцыі «Тыдзень лесу» (з 14 па 21 красавіка).
Галоўныя кропкі прыкладання сіл падчас месячніка для сельскіх Саветаў дэпутатаў: арганізацыя ўборкі прыдамавых тэрыторый у вёсках і аграгарадках, навядзенне парадку на ўсіх вясковых могілках, рамонт агароджаў, вываз смецця. Плануецца высекчы 15 аварыйных дрэваў на могілках у Петухоўшчыне і абсталяваць дзве кантэйнерныя пляцоўкі для часовага захоўвання ЦБА на могілках у Малым Падлессі.
Актыўна ўдзельнічаюць у месячніку ўстановы адукацыі: яны пашчыруюць на добраўпарадкаванні месцаў пахавання воінаў, партызан, мірных жыхароў, якія загінулі ў ваенныя часы, навядуць парадак ля брацкіх магіл, абеліскаў, мемарыялаў.
Суботнік адбудзецца і на тэрыторыі аздараўленчага лагера «Чайка».
І ці варта напамінаць пра добра вядомае: аўтарамі парадку з’яўляемся ўсе мы разам і кожны паасобку. У Год малой радзімы тым больш заўзята, дружна, зацікаўлена, па-гаспадарску пашчыруем на тэрыторыі нашай агульнай любві. Мы ж – землякі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *