А світанкі тут ціхія

У ліпені ў тутэйшых лясах россыпы суніц і чарніц; малінавыя і ажынавыя зараснікі ад цяжару ягад хіляцца да зямлі; пазней наліваюцца чырванню брусніцы; восенню надыходзіць журавінавы сезон. Вёска Свяціца – сапраўдная некаранаваная сталіца пачатку беларускага Палесся, багатая і шчодрая. Вакол яе – казачнай прыгажосці балоты і векапомныя лясы. Тут Шчара забірае сінь з нябёс ці нябёсы аддаюць ёй сваю непаўторную фарбу, не разбярэш… Тысячагоддзі адны і тыя сузор’і ноччу глядзяцца ў чысцюткую ваду. Месца гэта было абжытым як мінімум з часоў мезаліту. Параўнальна нядаўна археолагі-навукоўцы рабілі тут раскопкі –  шмат чаго знайшлі: каменныя прылады, сляды старадаўніх вогнішчаў. Пра што маўчаць гэтыя артэфакты, дадумваць можна бясконца. Відавочна адно: людзі ўлюбілі гэтыя мясціны з глыбокай старадаўнасці.
А археолагі трапілі сюды на раскопкі з нагоды: у пары кіламетраў адсюль пачынаецца славуты Агінскі канал, які злучае Шчару з Прыпяццю. Меркавалі арганізацыю турыстычнага маршруту па гэтых мясцінах і, адпаведна, будаўніцтва дарогі. Маршрут сапраўды быў бы цікавым, унікальным, пазнавальным. Што датычыць Агінскага канала, які пачынаў будавацца ў другой палове ХVIII стагоддзя па ініцыятыве і на сродкі магната Міхаіла Казіміра Агінскага, то менавіта на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна знаходзіцца яго дзясяты шлюз, узведзены на пачатку мінулага стагоддзя. Хто з цікаўных і нераўнадушных адмовіцца пабачыць усё гэта?! А як жа лёгка тут дыхаецца, якая асалода для вачэй і спакой для сэрца, як раскрываецца душа насустрач прыроднай прыгажосці. Ці не сюды завітаў некалі і натхніўся на стварэнне цудоўнай мелодыі пляменнік магната Міхаіл Клеафас, які напісаў мілагучнейшы і шчымлівейшы з паланэзаў «Развітанне з Радзімай»?..
…Аднойчы, калі пару дзесяцігоддзяў назад тут праводзілі раскопкі навукоўцы-археолагі, пабывала і я ў цэнтры, дакладней, у эпіцэнтры мясцовага векапомнага лесу. Як жа лютавалі тут полчышчы камароў, мошак і нейкіх невядомых маленькіх пачвар, якімі кішэла паветра і якія бесперапынна пікіравалі на «навічкоў». Навічкамі былі карэспандэнты «ЛВ»… А вось мясцовыя жыхары даўно з насельнікамі лясоў, у тым ліку і з крылатымі, дамовіліся і не чапаюць адзін аднаго.
Аднак «кусачасць» гэтых успамінаў – мізэр у параўнанні з інфармацыяй і эмоцыямі, якія выклікала тое даўняе, выкапанае з зямлі прывітанне з мезаліту.
…Палессе пачынаецца ў Свяціцы – у вёсцы, якая 75 гадоў назад была за сувязь з партызанамі спалена фашыстамі, але паўстала з попелу і жыве на радасць усім.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *