Аўтасэрвіс у “ВІКТАРЫЯнскім” стылі

Калі б трэба было ў персаналіі ўвасобіць вобраз сучаснага, набліжанага да дасканаласці прадпрымальніка, лепшай кандыдатуры, чым наш зямляк Віктар Шчука, не шукала б. Ён адпавядае!

І нядаўняя прыемная падзея  гэта яшчэ раз пацвердзіла: у прэстыжным абласным конкурсе «Лепшы прадпрымальнік 2011 года Брэсцкай вобласці» яго аўтацэнтр «Вікторыя» стаў пераможцам. Шлях да трыумфу доўжыўся 10 гадоў — мена-віта столькі, колькі існуе прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, якое Віктар Іванавіч стварыў і зрабіў паспяховым, надзвычай запатрабаваным, перспектыўным. Канечне, у дырэктара ёсць надзейныя паплечнікі і помочнікі — яго калектыў. Але і калектыў можна па праву лічыць дасягненнем кіраўніка.

Сёння «Вікторыя» ажыццяўляе і тое, з чаго пачынала, — тэхагляд транспарту, а яшчэ шчыльна супрацоўнічае з РУП «МАЗ» і стала яго афіцыйным прадстаўніком на тэрыторыі раёна і наогул Брэстчыны, а ў некаторых выпадках — і ўсёй краіны, з’яўляецца пасрэднікам па продажу МАЗаўскай тэхнікі, сэрвісна абслугоўвае яе на працягу ўсёй эксплуатацыі і  паспела набыць вопыт у пераабсталяванні кузаваў МАЗаўскіх аўтамабіляў. Красамоўныя рэаліі, якія сведчаць пра на-дзейнасць, прафесіяналізм і прызнанасць аўтацэнтра з ляхавіцкім адрасам.

Пра гэта «ЛВ» пісаў неаднойчы, а сёння хочацца падкрэсліць іншую акалічнасць, якая адначасова з’яўляецца і прычынай высокай вартасці прыватнага прадпрыемства, — суб’ектыўны фактар у асобе кіраўніка. Цікавы чалавек Віктар Шчука. Сённяшнюю «Вікторыю» яму не прынеслі ў падарунак на сподачку. Ён яе задумаў і мэту-мару спраўдзіў. Працаваў і працуе — розумам, рукамі, душою — інакш не атрымалася б. Тэхніка яго і прафесія, і захапленне. Свой першы трактар уласнымі рукамі сабраў да школьнага выпускнога. Што тут скажаш!.. Дарэчы, гэты рарытэт захаваўся і зойме месца ў музеі старой тэхнікі, які ў не вельмі аддаленых планах-марах Віктара Іванавіча. Экспанаты для яго Шчука збірае даўно, упарта і мэтанакіравана, як і ўсё, што робіць.

Ён строгі і патрабавальны кіраўнік-працаголік. Патрабаванні да калег: сумленнасць і прафесіяналізм. У адказ абяцае словам і справай: павагу, вартую зарплату, разуменне. Сам паказвае прыклад здаровага ладу жыцця. Нават хобі ў яго на гэтую ж тэму — Віктар Іванавіч заўзяты пчаляр, што патрабуе вялікай працы і любві. Такія вось мядовыя нюансы.

Мусіць, каб у сутках было 48 гадзін, у нашага героя ўсё роўна не хапіла б часу (чытай — жадання) падоўгу расслабляцца на канапе. Не пра яго гэта.

Новыя задумы, новыя ідэі… Дарэчы, адна з іх літаральна ў сакавіку ўвасобілася ў жыццё: у аўтацэнтры «Вікторыя» адкрыта станцыя па абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, дзе працуюць сыны Віктара Шчукі Міхаіл і Андрэй.

Вольга Барадзіна

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *