Паспелі травы. А гэта значыць – пачалася касавіца

Спакуслівая прыкмета цёплых майскіх дзянькоў, якая пяройдзе і ў лета, – ні з чым не параўнальны пах свежаскошанай травы. Нават на маленькім газоне папрацуе міні-касілка – і, здаецца, трапляеш у атмасферу суцэльнага свята. А калі гэта адбываецца на шматгектарнай плошчы, то… пра свята забываецца, нягледзячы на водар, таму што ідзе вельмі напружаная работа, якая называецца ў аграрыяў зялёным жнівом, корманарыхтоўкамі, клопатам пра зімовае меню статка. Сур’ёзная назва, сур’ёзная сутнасць справы, сур’ёзны падыход да яе. І, канешне, выкарыстанне самых сучасных эфектыўных тэхналогій назапашвання кармоў.
Усё гэта і многае іншае дыктуе свае патрабаванні і да корманарыхтоўчага атрада раёна ўвогуле, і да жарабковіцкіх механізатараў у прыватнасці. Сёлета ААТ «Жарабковічы» ў ліку першых гаспадарак раёна, якія распачалі зялёны канвеер. Пачалі на азімым жыце і на полі, засеяным вікай, – агульная плошча каля 120 гектараў. Аграном Яўгеній Цярпіцкі з задавальненнем заўважыў, што травы сёлета пераўзыходзяць леташнія, і што дажджы іх толькі палепшаць.
Механізатар Анатолій Чаркас (на здымку) на КЗСе за светлавы дзень скошвае зялёны ўраджай на 60 гектарах. З кожным днём колькасць занятых гэтай справай будзе павялічвацца. Першую сянажную траншэю за двое сутак плануюць запоўніць у Канюхах.
ААТ «Жарабковічы» мяркуюць назапасіць 15500 тон сенажу, палову яго – з траў першага ўкосу.
На высокую прадукцыйнасць працы будзе ўплываць у тым ліку і клопат пра занятых у гэтай гарачай кампаніі: як заўсёды, тут арганізавана харчаванне, прадугледжаны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання для ўдзельнікаў зялёнага жніва.
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *