А танцаў не будзе?

Тэма гэта неаднойчы ўздымалася на старонках «Ляхавіцкага весніка». Чарговы суботні рэйд пацвердзіў, што ў моладзі, на жаль, няма вячэрняй альтэрнатывы занятку прайсціся «ўверх-уніз» па райцэнтры. Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся па горадзе па гэтым жа маршруце. У выніку высветліўся топ шасці месцаў, дзе заўважана павышаная маладзёжная актыўнасць. А яшчэ ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» рэдакцыя правяла апытанне: пацікавіліся ў нашых падпісчыкаў, якое месца для правядзення вольнага часу ў моладзі самае папулярнае. Сваім меркаваннем падзяліліся больш за 300 чалавек. Паглядзім, ці супадаюць адказы з тым, што ўбачыў карэспандэнт «ЛВ». Узначальваюць гэты спіс лавачкі і паркоўкі каля фантана. Безумоўна, цэнтр горада, тут заўсёды шматлюдна. Ды і прыемна проста пасядзець у такой камфорт-най атмасферы з чароўнай падсветкай, асабліва вечарам, калі пачынае зіхацець рознакаляровасцю фантан. Даспадобы і аўтааматарам гэтае месца. Свабодная паркоўка, светла, заўсёдны рух. Можна адчуваць «прысутнасць на фантане», не выходзячы з машыны, жартуюць у адказ на пытанне, чаму вырашылі спыніцца менавіта тут. Дарэчы, адпачываць у цэнтры даспадобы 21,9 працэнта апытаных.
Наступны прыпынак, дзе зафіксаваны «маладзёжны рух», здаецца, зусім не прызначаны для адпачынку, – паркоўка каля спартыўнай школы. Тут часцей за ўсё збіраюцца аўтааматары, гуртуюцца, абмяркоўваюць нешта пад музыку са сваіх аўто. Знешне падобна, калі гаварыць слэнгам, на аўтапаці. Дарэчы, а чаму б не ўзяць за ідэю для якога-небудзь фэсту для аўтаўладальнікаў?! У якасці месца, дзе можна правесці вечар, яго выбралі 6 працэнтаў апытаных.
Ажыўлена ў гэты час і на стадыёне, толькі актыўнасць там зусім
неспартыўная, хутчэй назіраль-ніцкая з кропкай збору на трыбунах. Дарэчы, менавіта стадыён і трыбуны на трэцяй прыступцы ў спісе самых папулярных месцаў. Ім аддалі перавагу 21,2 працэнта галасоў.
Лідар апытанкі ў «ВКонтакте» –
заправачная станцыя. І хоць там заўсёды павінна быць людна нават па вызначэнні, вабіць гэта месца і іншым. Цікаўлюся ў тых, хто пакінуў вадзіцельскае крэсла і цяпер гучна над нечым смяецца ў коле сяброў. Прызнаюцца, тут заўсёды ўключана святло (гэту ўмову вызначаюць многія), нават тады, калі ў горадзе ліхтары пагашаны, нядрэнны магазінчык, можна купіць што-небудзь паласавацца: смачная кава, гарачы шакалад, якія, дарэчы, не заўсёды можна набыць у горадзе. Да слова, як было б
добра адкрыць яшчэ адно кафэ ў райцэнтры, каб і ў 23.00 проста пасядзець з сяброўкай за марожаным у культурнай абстаноўцы і без «нецвярозых» каментарыяў. Таму што, згадзіцеся, «Ластаўкі», «Піцэрыі», «Калі ласка» малавата, прытым часта ў выхадныя там спецабслугоўванне.
Ажыўлена і ў гарадскім парку па вуліцы Леніна. Лавачкі амаль усе занятыя. На адной – кампанія гучна гуляе ў «кракадзіла», побач хтосьці наігрывае знаёмую мелодыю на гітары, на другой – сяброўкі прыселі адпачыць ад велапраезду. Гарадскі сквер як самае папулярнае месца выбралі 6 працэнтаў апытаных.
Але вось гарадскі парк адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча, які, пагадзіцеся, проста створаны для таго, каб сабіраць моладзь на танцы, творчыя сустрэчы, конкурсы, фэсты, набраў усяго 1,7 працэнта ў апытанцы. А ці не адтуль павінна гучаць музыка, ці не там мог бы адбыцца, напрыклад, бардаўскі вечар альбо нейкі фестываль?
На рыначнай плошчы нярэдка можна пачуць гул матораў. Тут наразаюць кругі аматары надавіць на газ. Не даспадобы, канешне, жыльцам дома №19 па вуліцы Леніна такія гучныя суседзі… Дарэчы, у галасаванні 12,3 працэнта выбралі гэтае месца як самае папулярнае.
І натуральнае пытанне: ці так павінен праходзіць вечар у моладзі? На стаянках, лавачках, паркоўках, запраўцы? Ці гэтым адрасам трэба ўваходзіць у топ тых, дзе адпачывае моладзь? Адказ адназначны. Пакуль толькі мары, калі ў гэтым спісе з’явіцца гарадскі Дом культуры, кінатэатр «Кастрычнік» (якія, між іншым, амаль не набралі галасоў у апытанцы), а можа якое-небудзь маладзёжнае кафэ ці яшчэ што-небудзь цікавае…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *