Пачынаць трэба з сябе. На майскім пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама разглядалі ход выканання Дырэктывы №1

За ўвесь калектыў, за кожнага працаўніка адказнасць нясе кіраўнік. У многім ад яго пазіцыі залежыць не толькі вытворчы працэс, але і мікраклімат у калектыве, стан аховы працы. Не павінна быць ніякай лаяльнасці ў адносінах да парушальнікаў дысцыпліны, п’яніц і прагульшчыкаў, як гэта практыкуецца на некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях. Неабходна прымаць дзейсныя меры і ўзмацняць кантроль, каб чалавек вяртаўся з работы здаровым, не здараліся пажары і не гінулі ў агні людзі, каб на вуліцах было як мага менш нецвярозых, бяспечна ля вадаёмаў. На гэтым акцэнтаваў увагу кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі на майскім пасяджэнні райвыканкама падчас разгляду пытання аб ходзе выканання Дырэктывы №1.

Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць прааналізаваў  дзейнасць дзяржаўных органаў, арганізацый усіх формаў уласнасці ў гэтым накірунку. На жаль, у раёне колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці павялічылася летась утрая, прычым адзін быў са смяротным зыходам (у «Белпрампрыборы»). Парушэнне пацярпелымі патрабаванняў тэхнікі бяспекі, недахопы ў арганізацыі вытворчай дысцыпліны –  асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў. Дарэчы, па-ранейшаму не хапае аднаго інжынера па ахове працы ў райаграсэрвісе.
– Пытанне патрабуе неадкладнага вырашэння – гэта не рэкамендацыя, а заданне, якое тэрмінова трэба выконваць, – зазначыў старшыня райвыканкама.
Дзейсную практычную і метадычную дапамогу ў арганізацыі бяспекі працы аказваюць рэйдавыя мабільныя групы. Ужо сёлета за чатыры месяцы яны зрабілі 32 выезды з праверкамі ў калектывы, выявілі 429 парушэнняў працоўнага заканадаўства, для іх ухілення кіраўнікам правераных аб’ектаў выдадзены 32 рэкамендацыі.
У раёне, хоць і паступова, змяншаецца колькасць прагулаў і іншых парушэнняў працоўнай дысцыпліны, але па-ранейшаму сітуацыя выклікае занепакоенасць. У мінулым годзе 240 работнікаў зрабілі 384 прагулы, найбольш – 171 – у ПМК-17. А сёлета прагулаў ужо 289. Часцей за ўсё дысцыпліну парушаюць  абавязаныя асобы.
Летась у раёне выяўлена 113 выпадкаў з’яўлення на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама распіцця спіртных напіткаў у рабочы час ці на працоўным месцы (тут сумны лідар – «Жарабковічы», дзе зарэгістравана такіх 50 фактаў). Але толькі 47 грамадзян са 113 звольнены па гэтай прычыне.
– Што за «прывілеі» маюць астатнія п’яныя, чаму яны працягваюць працаваць на сваіх месцах? – пытанне Аляксандра Камінскага да кіраўнікоў прадпрыемстваў.
Начальнік РАУС Андрэй Студзя-нічнік назваў неэфектыўным ўзаемадзеянне кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў з міліцыяй па выяўленні работнікаў на працоўных месцах у стане алкагольнага ап’янення. Пра такія выпадкі імкнуцца ў РАУС не паведамляць, утойваюць іх. Напрыклад, работнік МТФ «Шавялі» заявіў, што цялесныя пашкоджанні яму нанёс загадчык фермы. Аднак падчас разбіральніцтва высветлілася, што пацярпелы знаходзіўся на тэрыторыі фермы п’яным і гэта бачыла тутэйшае кіраўніцтва, але не паведаміла ў міліцыю. А тым часам нецвярозы работнік спатыкнуўся і атрымаў цялесныя пашкоджанні.
Нецвярозы работнік падвяргае бяспецы не толькі сваё жыццё, але і тых, хто побач. Адказнасць за няшчасны выпадак нясе ў тым ліку і кіраўнік прадпрыемства. Які выхад? Адзін з варыянтаў – прымусовае ці па ўласным жаданні лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Між іншым, кадзіраванне практыкуецца і ў Ляхавіцкай райбальніцы. Усяго на ўліку ў наркалагічным кабінеце знаходзіцца 1068 жыхароў раёна з сіндромам залежнасці ад алкаголю.
Начальнік РАУС перакананы, што алкагалізацыя насельніцтва істотна ўплывае на крымінальную сітуацыю.  У гэтым годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 304  гараджаніна і вяскоўца, якія  знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане; затрымана 12 п’яных вадзіцеляў; 14 хранічных алкаголікаў, у тым ліку 4 жанчыны,  асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, 49 накіраваны для лячэння ў абласную  псіханеўралагічную бальніцу «Крывошын». Падчас міліцэйскіх рэйдаў адабрана і знішчана 443 літры брагі, самагону і 13 самагонных апаратаў.  Праведзена 5 раённых   акцый па папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Па-ранейшаму расце колькасць злачынстваў, учыненых нецвярозымі грамадзянамі. Асабліва на тэрыторыі райцэнтра, Жарабковіцкага і Крывошынскага сельсаветаў.
На пасяджэнні райвыканкама абмяркоўвалася і сітуацыя з пажарамі ў раёне. Начальнік РАНС Валерый Равінскі паведаміў, што сёлета за чатыры месяцы іх зарэгістравана 14 (падчас аднаго загінуў чалавек, які, дарэчы, злоўжываў алкаголем), за аналагічны перыяд мінулага года – 9.
Яшчэ адна праблема датычыць доступу ў неэксплуатуемыя аварыйныя будынкі, якіх у раёне больш за 150. Гэта можа прывесці да трагедыі. Шмат такіх аб’ектаў у КСУП «Ліпнянка» і райаграсэрвісе.
Аналагічная сітуацыя і з аварыйнымі дрэвамі, якія трэба выдаляць. Пра гэта абавязаны клапаціцца і спецыяльныя службы, і старшыні сельвыканкамаў.
Кіраўнікам сельвыканкамаў, акрамя іншага, неабходна актывізаваць растлумачальную работу сярод насельніцтва па фарміраванні культуры бяспекі вытворчасці і жыццядзейнасці, навядзенні парадку на зямлі, прафілактыцы пажараў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса таксама засяродзіў увагу на  неабходнасці ўзмацнення дысцыпліны.
А старшыня райвыканкама падвёў вынік і адзначыў, калі наладжаны дзейсны кантроль, праводзіцца прафілактычная работа, то ахова працы на высокім узроўні, а вось калі справа пушчана на самацёк – да бяды недалёка.
Кіраўнікам прадпрыемстваў і устаноў неабходна прымаць дзейсныя меры дысцыплінарнага ўздзеяння да службовых асоб за несвоечасовае выяўленне ці ўтойванне фактаў парушэння работнікамі працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *