Запрашэнне ад мары. У Ляхавічах на раённым выпускным балі лепшым з лепшых уручаны залатыя медалі

Выпускнікі Навасёлкаўскай СШ і іх класны кіраўнік Наталля Гуліцкая

Кожнае імгненне непаўторнае, а выпускнога балю – тым больш. У яго шчымлівыя пяшчотныя хвіліны моцна трымаеш за руку дзяцінства і няўпэўнена, але з інтарэсам працягваеш далонь на знаёмства з самастойнасцю, як гэта зрабілі і дзве сотні ляхавіцкіх выпускнікоў.

У мінулую суботу свой, вобразна кажучы, унікальны міг – выпускны –   адчувалі больш за 200 учарашніх адзінаццацікласнікаў у ганаровым статусе «выпускнік-2018». Традыцыйны баль у традыцыйным фармаце, але заўсёды такі чаканы, такі цёплы і непаўторны.
З завяршэннем знакавай вяршыні на шляху бясконцага ўзыходжання да сталення, да ведаў павіншаваў выпускнікоў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі:

– Памятайце, ваш поспех залежыць толькі ад асабістай ініцыятывы, упэўненасці ў сваіх сілах і жаданні ісці наперад. Спадзяёмся, што праз некалькі гадоў вы вернецеся ў наш раён адукаванымі маладымі спецыялістамі, каб разам з намі будаваць будучыню роднага краю. Імкніцеся стаць лепшымі.
Кіраўнік раёна   падзякаваў настаўнікам за іх працу, нястомны творчы пошук, дабрыню і сардэчную шчодрасць, бацькам – за тое, што заўсёды падтрымліваюць сваіх дзяцей.
Пранікнёна і шчыра гучалі словы начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай.
Чаканы момант: залатыя медалісты, а іх сёлета ў раёне 14 (6 – з СШ № 2, па 3 – з СШ № 1 і гімназіі, 2 – з Крывошынскай школы), пад гучныя апладысменты і гукі фанфар атрымалі сваю мінуту славы – заслужанае школьнае «золата». А мяккія цацкі ў падарунак трапілі ў рукі самых актыўных хлопцаў і дзяўчат.
Мелодыя вальса. Яны закружыліся, яны паляцелі, яны зліліся ў гэтым прыгожым танцы – неверагодная пастаноўка, чароўныя рухі… І вось паветраныя шарыкі адпраўляюцца ў неба, бывай, дзяцінства. Столькі мараў і слёзы радасці, клятва выпускнікоў… Такія эмоцыі дорыць толькі гэты баль.
Гэта іх дзень, іх свята. З плошчы выпускнікі разышліся-раз’ехаліся па сваіх родных школах. Тут яны зноў у цэнтры ўвагі, з імі хочацца засэлфіцца і хутчэй упрыгожыць навінную стужку сацыяльных сетак з хэштэгам #выпускны-2018, каго хочацца шчыра павіншаваць і абняць.
Шчасця вам і поспехаў!


СЛОВА — ВЫПУСКНІКАМ

Аляксей Еўхач (Навасёлкаўская СШ):
– Мы так чакалі выпускны вечар, так да яго рыхтаваліся, прадумвалі кожную дэталь. А калі гэты дзень настаў, стала нейк не па сабе. Прыйшло разуменне, што тыя, як думалася, бясконцыя адзінаццаць школьных гадоў не такія ўжо бясконцыя, і застаўся толькі гэты баль на развітанне з дзяцінствам… А заўтра іншае жыццё, дарослае, самастойнае: ЦТ, паступленне, вучоба. Ты трымаеш паветраны шарык у руках, секунда – і твая мара ляціць у неба, а побач – спадзяванні іншых, тваіх аднакласнікаў, сяброў. І калі над плошчай Леніна ў райцэнтры лунае дзве сотні шарыкаў, дзве сотні мараў – відовішча неверагоднае, класнае. Гэта застанецца ў памяці назаўсёды. А ў школе мы запускалі ліхтарыкі, таксама цёплы і такі запамінальны сюжэт.

Вадзім Пракап’юк (СШ №2):
– Раённы выпускны баль – ярка, святочна, проста класна і, безумоўна, незабыўна. Толькі так магу расказаць пра суботні вечар. Калі ўсе выпускнікі школ збіраюцца на плошчы Леніна і ты крочыш у калоне побач з аднакласнікамі, адчуваеш сябе асабліва. Хацелася ўсё ўбачыць, пачуць, каб нічога не ўпусціць у такі важны дзень. Канешне, хваляваўся, асабліва, калі танцавалі школьны вальс, але атрымаў ад гэтага неверагодныя эмоцыі. А яшчэ мяне ўзнагародзілі за актыўную жыццёвую пазіцыю – вельмі прыемна.

Алена Навікевіч  (Крывошынская СШ):
– Шчыра сказаць, наш райцэнтр у мінулую суботу было не пазнаць –  ён расквеціўся, заіскрыўся. Мы ішлі па вуліцах горада і проста дарылі і прымалі ў адказ усмешкі іншых, проста дзяліліся сваім святочным настроем. Але разу-мееш: міг, калі гучыць тваё імя і атрымліваеш залаты медаль, ніколі больш не паўторыцца, гэта толькі тут і цяпер. Так хацела, каб гэты час крышачку пачакаў, але ж самыя шчаслівыя мінуты, вядома ж, пралятаюць вельмі хутка. Столькі яркіх момантаў засталося, у тым ліку і ў памяці смартфона: глядзіш –  вось фотка з аднакласнікамі, а гэта –   з настаўнікамі, з бацькамі. І мы будзем прагортваць іх зноў і зноў. Яны грэюць сэрца.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара  і Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш фота тут і  тут 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *