Хачу харчо. Не толькі і не столькі гастранамічныя прыхільнасці ўвасоблены ў загалоўку …

Вуліца Цітовіча.

Не толькі і не столькі гастранамічныя прыхільнасці ўвасоблены ў загалоўку, колькі жаданне засяродзіць увагу на звыклай, але тым не менш надзвычай красамоўнай акалічнасці – на Ляхавіччыне шматнацыянальнай.
…Мая вуліца Цітовіча некалі называлася Татарскай невыпадкова. Яе насялялі пераважна Мурзічы, Міскевічы, Байрашэўскія, а традыцыйныя імёны былі Фаціма, Асэя, Айша, Аміна, Ібрагім, Куба, Энвер, Асман, Марат. На рэшткі фундамента, як лічылася, колішняй мячэці «на джаме» ўладкоўвалася дзятва і пераказвала самыя неверагодныя страшылкі. І пра чорны-чорны лес, і пра раку Ведзьма, якая некалі была жанчынай-чараўніцай, і пра многае іншае.
Мясцовыя татары займаліся агародамі. Сёння сказалі б, што паказвалі майстар-клас у вырошчванні радыскі, агуркоў, шчаўя. Надыходзіў сезон, яны ў складчыну наймалі крыты грузавік, позна ноччу загружалі яго мяхамі з агароднінай і рушылі на мінскі рынак гандляваць. Гэта паўтаралася да позняй восені і, гавораць, пры тагачасных капеечных цэнах агародніцтва прыносіла неблагі прыбытак.
Але ці не галоўная адметнасць той вуліцы і яе насельнікаў –  дружалюбнасць і добразычлівасць паміж суседзямі (а суседзямі лічылі сябе ўсе жыхары Татарскай, потым перайменаванай у Жданава). Скажу больш, тады замок на дзвярах дома можна было ўбачыць толькі ў выпадку, калі гаспадары ад’язджалі надоўга, а ішлі ў магазін –  проста накідвалі клямку. Памятаю смак татарскага плову, бэлішу – мяснога пірага, салодкай пахлавы. Дарэчы, татарскі хлеб называецца, калі не памыляюся, ікмэк, у дзяцінстве давялося пакаштаваць і яго.
На нашай вуліцы дружна жылося не толькі прадстаўнікам народа, у гонар якога яна калісьці называлася, але і беларусам (Бураковы-Цуран), палякам (Вясноўскія), яўрэям (Спроўскія), рускім (нам – Бычковым-Саломіным). Такі вось добрасуседскі інтэрнацыянал. А паколькі менавіта «добра» і менавіта «суседскі», то частаваліся мы не толькі дранікамі, мачанкай, калдунамі, баршчом, блінамі, але прадэгуставалі і шматнацыянальнае меню, у якім, акрамя татарскіх прысмакаў, значыліся варэнікі, фаршыраваная рыба, фаршмак, курыны булёнчык, харчо і шмат чаго іншага.
Але давайце адыдзем ад даўняй Татарскай-Жданава і азірнёмся на Ляхавічы і раён сённяшнія. Па-ранейшаму гэта зямля – гасцінная, тэрыторыя – аблюбаваная прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, насельніцтва – самае што ні на ёсць людскае: незласлівае, лагоднае, памяркоўнае, дружалюбнае, працавітае, таленавітае, з тонкім пачуццём гумару. Па-ранейшаму тут жывуць не толькі беларусы, рускія, украінцы, татары (адна з дзвюх мусульманскіх суполак Брэстчыны – ляхавіцкая), але і яўрэі, прыбалты, малдаване, казахі, грузіны, армяне… Дарэчы, цікава было б дакладна ведаць, прадстаўнікі колькіх і якіх нацыянальнасцяў і народнасцяў аблюбавалі гэту тэрыторыю, лічаць яе сваёй малой радзімай. Цікава таму, што проста цікава, а яшчэ – дзеля практычнага інтарэсу, які можа ўвасобіцца, напрыклад, у міжнацыянальны фэст з ляхавіцкім адрасам. Міжнародны фестываль прапісаны ў Гродне, а мы маглі б стаць самі сабе рэжысёрамі. Уявіце, што за канцэрт атрымаўся б, якая выстава народных рамёстваў уражвала-здзіўляла б, які гурманскі апетыт выклікала б прапанова нацыянальных кухняў і як па-новаму ўбачылі б многае прывычнае, многіх землякоў!
Здорава, скажа нераўнадушны чалавек. Каму гэта патрэбна, пацісне плячыма скептык. Навошта лішнія рухі, калі лепш пасядзець ля тэлевізара, наогул, мне фіялетава, хмыкне абыякавы. А ўсё ж, калі задумацца, то адкажу словамі калегі: вельмі гэта нялішняе, толькі вось арганізацыя і падрыхтоўка – даволі ёмістая справа. Аднак вартая таго, каб за яе – і рукамі, і душой. Уявіце: Дзень горада праходзіць па сцэнарыі, у якім побач з рыцарамі ў даспехах, іншымі героямі даўніх часоў сённяшнія ляхавічане ў сваім шматнацыянальным прадстаўніцтве. Такія падобныя і такія розныя, у многім тыповыя і яшчэ ў большым –
самабытныя. Незалежна ад адцення скуры, ад разрэзу вачэй і формы скул мы тут шчаслівыя, мы тут жывём. І шануем, усім сэрцам любім гэты куточак зямлі.
І самае галоўнае: дзейства аб’яўляецца адкрытым – на старонках «ЛВ» пачынаецца… міжнацыянальны прафестываль Ляхавіччыны! Газетчыкі запрашаюць сваіх землякоў паўдзельнічаць у гэтай падрыхтоўцы – падзяліцца сваімі гісторыямі, расказаць пра культуру, нацыянальныя традыцыі, даслаць рэцэпты нацыянальных страў. У тым ліку і ваша інфармацыя стане фрагментам фестывальнага «веснікаўскага» сцэнарыю, які, як вы зразумелі, адбудзецца на газетных старонках. Тэлефануйце (2-12-63, 2-12-36, 2-06-68), пішыце ў рэдакцыю  (г. Ляхавічы, пл. Леніна,3), на электронны адрас  (Ljahav_ves@cmi.by), на сайт (www.lves.by) і ў групы газеты ў сацыяльных сетках. Фестываліць будзем разам!
А наконт харчо, то… У прадпрыемствах грамадскага харчавання можна было б ладзіць дні ці тыдні нацыянальнай (не толькі беларускай) кухні. Слабо – каб і харчо, і люля-кебеб, і хачапуры, і лагман, і долма з’яўляліся ў меню?! На багатую прапанову, мяркую, з’явіцца і апетыт, і попыт.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *