Прызнання шчырыя радкі…

Год малой радзімы

Свяцічанка Вера Дыдышка заўсёды з асаблівым пачуццем чакае Дзень беларускага пісьменства, як і ўсе, хто шануе, любіць і беражэ роднае слова. Яе вершы – лепшае пацвярджэнне яе шчырага сяброўства з роднай мовай.

Святая, бласлаўлёная, адна

Зямля мая любімая, радзіма,
Са мною ты ў шчасці і журбе,
Ніхто ў мяне ніколі не адніме
Вялікае любові да цябе.

Адсюль вялі мяне дзяцінства сцежкі
У свет цудоўных мараў і надзей,
І сагравала маміна ўсмешка,
Падтрымка родных, дарагіх людзей.

І ўсё, аб чым я марыла, збылося,
Мне добра было жыць і працаваць.

Адно толькі ў жыцці
мне засталося –
Сваёй зямлі вялікі доўг аддаць.

За тое, што цвіла, як кветка ў маі,
За тое, што шчаслівая была,
За тое добрае, што ў сабе я маю,
Што мне зямля любімая дала.

Любоўю, вернасцю,
узнёслай песняй, вершамі
Сваёй зямлі я адплачу спаўна.
Зямля мая! Ты самая найлепшая,
Святая, бласлаўлёная, адна!

Дзяўчынкі гуляюць  у класікі…

Дзяўчынкі гуляюць у класікі,
Яшчэ ў іх такая патрэба.
І неба над імі яснае,
І сонца гарыць непагаснае
У гэтым спакойным небе.

Матляюцца коскі бялявыя,
А голас звініць званочкам!
Дзяўчынкі такія слаўныя,
І ў іх ружовыя шчочкі
І сінія-сінія вочкі.

Палінка, Марыйка і Даша,
Аленка, Юлька, Вікуся,
Надзея, радасць вы наша,
Пра вас расказаць спяшаюся
І вамі ўсімі любуюся!

Дзяцінства! Пара цудоўная,
Калі ўсё яшчэ пачынаецца.
Яго абаронім ад войнаў,
Хай неба будзе спакойным,
Ад выбухаў чорных не хмарыцца.

Што можа важней быць за гэта,
Якое жаданне мацней?
З’яднаемся, людзі планеты,
І цэлым адзіным сусветам
Пакінем мір для дзяцей!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *