Чайклы, модніцы і шышкіяда. У Ляхавіцкай «Чайцы» адпачываць — здорава!

Што можна набыць за чайклы – валюту аздараўленчага лагера «Чайка»? Падоўжыць час дыскатэкі, зрабіць «выхадны» для ранішняй зарадкі і многа яшчэ чаго іншага. Цікава?
– Здорава! – сцвярджаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія адпачывалі тут з 15 чэрвеня і за два тыдні паспелі натхніцца мясцовай захапляюча-казачнай атмасферай. Гэта змена ў летніку не звычайная, а эканамічна-дзелавая – «Новы фармат». Дарослыя тэмы раскрываюцца ў гульнявой, ненавязлівай форме, рабят знаёмяць з асновамі бізнесу, выхоўваюць эканамічнае мысленне і ўменне супрацоўнічаць-узаемадзейнічаць у калектыве. Эканамічная карпарацыя мае нават свае аддзелы: крэатыўны, творчы, клінінгу і іншыя.
– Кожны атрад – асобнае рэкламнае агенцтва – «Зоркі», «Модніцы», «Вішні», – расказвае старшы выхавальнік Таццяна Бяганская. – «Зарабляюць валюту» – выконваюць разнастайныя заданні, штовечар яе падлічваюць, размяркоўваюць бюджэт, зноў жа, у выглядзе бізнес-гульні «Фармат удачы». Жывецца тут хлопчыкам-дзяўчынкам весела і здарова, сумаваць не даводзіцца. Днямі выбіралі бізнес-лэдзі і little girl – імі сталі адпаведна Мілана Шынгель і Соф’я Цёсава. Пераадолеўшы творчыя іспыты, статус бізнес-боя і little boy прымералі Максім Кудзялевіч і Сямён Глушко. Забаўляльныя мерапрыемствы змяняюць спартыўныя, у раскладзе і водныя працэдуры: зона адпачынку і мясцовы вадаём да паслуг рабят.

Кожны чайкаўскі дзень у адметным фармаце – «У фармаце роднага краю», «У фармаце памяці», «У фармаце адкрыццяў» і г.д. Рабяты інсцэніравалі казкі на новы лад, праводзілі «Церанкур здароўя», спрабавалі кіраваць лагерам (у дзень самакіравання), выконвалі творчае заданне «Шышкіяда», выбіралі бізнес-пару, удзельнічалі ў акцыі «Салдацкая хусцінка». Крэатыўна, пазнавальна, незабыўна.
– У традыцыі «Чайкі» адпачываць так, каб сюды зноў хацелася вярнуцца. І мы ўсё для гэтага робім, –адзначаюць работнікі лагера.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва супрацоўнікаў «Чайкі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *