Шушанская сцежка і лясная экалогія

Прыемная традыцыя: сярод пераможцаў рэспубліканскага юніёрскага конкурсу «Квітней, мой лес», які праводзіць Міністэрства лясной гаспадаркі, штогод гучаць прозвішчы нашых юных землякоў. У фінале даследчага конкурсу з 15 запрошаных для абароны праектаў тры сёлета прадстаўлялі школьнікі з нашага раёна. Яны, дарэчы, былі адзіныя ад Брэсцкай вобласці.
У намінацыі «Устойлівае лесакіраванне» праект Мацвея Зелянеўскага з Востраўскай СШ (настаўніца Ганна Пашкоўская) заваяваў дыплом другой ступені. Ён распрацаваў маршрут экалагічнай сцежкі «Шушанскае» працягласцю чатыры кіламетры, падрыхтаваў памятку для экскурсантаў і тэматычны буклет. Па меркаванні Мацвея і яго педагога, экскурсія па мясцінах роднага краю будзе садзейнічаць не толькі экалагічнаму выхаванню рабят, але і фарміраванню цікавасці да яго гісторыі. Вельмі дарэчы прыйдзецца для падарожжаў і падарунак, які атрымаў старшакласнік ад арганізатараў конкурсу – турыстычная палатка і спальнік.
Многія, пэўна, бачылі на дрэвах зялёны шар, які выдзяляецца ў кроне, – амялу. А навучэнка Тальмінавіцкай СШ Алёна Васілеўская (кіраўнік школьнага лясніцтва Святлана Ходар) даследавала распаўсюджванне гэтай расліны ў наваколлі аграгарадка Тальмінавічы. У намінацыі «Экалогія лясных раслін» Алёна заслужыла дыплом трэцяй ступені і ў якасці падарунка смарт-гадзіннік, а яшчэ стала самай юнай удзельніцай конкурсу.
Арсеній Лахманкоў з Жарабковіцкай СШ – аўтар даследчай работы «Лес «сякуць» жукі-караеды». Тэмай ён зацікавіўся з-за праблемы ўсыхання дрэў, з якой некалькі гадоў змагаюцца беларускія лесаводы. З настаўніцай Галінай Бунель і супрацоўнікамі лясніцтваў школьнік выязджаў у лес, дзе даследавалі насаджэнні, вывучалі біялогію жука-караеда, наступствы яго дзейнасці. Арсеній, які прэзентаваў сваю работу на беларускай мове, стаў лаўрэатам конкурсу і атрымаў сертыфікат на наведванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібокскі».
Наталля АДАМЕНКА,
намеснік дырэктара лясгаса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *