Рэдактар Карпыза. У юбілейны для раёнкі год юбілей адзначае і гэты масціты журналіст

Мы з веданнем справы сцвярджаем, што не бывае былых педагогаў, медыкаў, і гэта аб’ектыўна, як аб’ектыўна перакананне: журналіст – назаўсёды. У прафесійным асяроддзі нават жартуем, маўляў, такі «дыягназ» не лечыцца… Не проста прафесія і месца працы, а стан душы, прывычка да асобага раскладу, гатоўнасць да сустрэч з новымі людзьмі, любоў і ўвага да чалавека і заўсёдная прага творчасці.

Не верыце? А пагаварыце пра журналістыку, пра паэзію і прозу газетнай справы з ляхавічанінам Іосіфам Карпызам, і вашы сумненні адпадуць самі па сабе. З без малога 75-гадовай біяграфіі «Ляхавіцкага весніка» роўна чатыры дзесяцігоддзі раёнка і Іосіф Цімафеевіч былі адным цэлым.
Прызнаюся, што ў 70-х   гадах мінулага стагоддзя аўтарытэтнага, патрабавальнага, строгага намесніка рэдактара мы, ягоныя калегі, «за вочы» называлі «нашым Юзікам». Здаецца, што ён пра гэта ведаў, больш таго, яму гэта падабалася. Як падабалася ўсё, што было звязана з выпускам газеты. Друкарня знаходзілася ў будынку, на месцы якога сёння раённая пракуратура, а рэдакцыя была на другім паверсе цяперашняга цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на плошчы Перамогі. Бясконцую колькасць разоў Карпыза мераў гэтую адлегласць хуткай хадой ці бегам. Так рыхтавалі кожны нумар раёнкі да друку (быў час, што і друкавалі ў Ляхавічах). І для паліграфістаў Марыі і Мікалая Расохаў, Сцефаніды Чаранкевіч і Ганны Зелянеўскай, Васілія Дашына і Міхаіла Куліка, для карэктара Юзэфы Дуброўка Іосіф Цімафеевіч быў «і бог, і цар, і воінскі начальнік» у самым добрым, аўтарытэтным сэнсе гэтага слова. Як, дарэчы, і для ўсяго рэдакцыйнага калектыву.
…Ранак у рэдакцыі. Першым на працу прыходзіў Лёша Пятух – не выпадкова, ён жа жыў… у Падлессі, і мы жартавалі на гэты конт. Адказны сакратар Пётр Хмарук раскурваў сваю першую цыгарку. Света Фокіна расказвала пра ўчарашнюю камандзіроўку. Рэдактар Шталь заходзіў у кожны кабінет, каб пацікавіцца, ці ўсе на месцы, за ім «абход» рабіў фотакар Уладзімір Гурыновіч. А Іосіф Карпыза даваў заданні журналістам, правіў тэксты (о, што гэта была за суперпраўка!) і працаваў над сваім чарговым нарысам, які потым друкавала не толькі раёнка, але і рэспубліканскі часопіс. Паспяваў на шматлікія сходы, паспяваў сустракацца з пазаштатнымі аўтарамі і вельмі душэўна працаваў з  будучымі журналістамі. Сама двойчы праходзіла студэнцкую вытворчую практыку ў «Будаўніку камунізму», і, можна сказаць, што яна адбывалася пад крылом Карпызы. Такое стаўленне вопытнага профі да пачынаючых пацвердзяць многія журфакаўцы розных гадоў. Яшчэ і сёння знакамітая беларуская журналістка і выдавец Таццяна Бялова ўспамінае ўрокі Іосіфа Цімафеевіча, што атрымала студэнтка Таня Бародзіч, як вельмі слушныя, цікавыя, патрэбныя і незабытыя. Пераканана, што і Алесь Бадак, і Іван Ждановіч, і Леанід Пранчак, і Наталля Антановіч, і многія-многія іншыя прызнаюць: Карпыза – гэта з’ява ў журналістыцы, і добра, што яна закранула іх.
– Прывітанне! Як справы? Што з тыражом? Уражаны нумарам (называе якім), малайцы! Раёнка адкрыла для мяне творчасць Галі Зыранавай. Што за талент, што за мова, што за вобразы – цуд! – Іосіф Цімафеевіч крытык адначасова строгі і добразычлівы. Знаходзіць час, каб пацікавіцца, што новага ў рэдакцыі, ухваліць за добрае, падказаць тэму, нешта параіць і, канешне, прапанаваць чарговы красворд.
На працягу адзінаццаці гадоў узначальваў раёнку. І сёння ён у добрым сэнсе «не роўна дыхае» да ўсяго, што датычыцца ягонай газеты. Калі было б інакш, гэта быў бы не Карпыза.
Ён бярэцца за справу і акунаецца ў яе з галавой. Столькі пісаў пра любоў да зямлі, а сёння на сваім дачным кавалачку кожную пядзю даглядае, песціць, пускае ў абарот і ганарыцца сваімі агароднымі дасягненнямі – ад кветкі да бурачка, ад першага агурочка да позняга яблычка.
Яшчэ хачу сказаць: мужчынскі характар – гэта пра Іосіфа Цімафеевіча. Мужык сказаў – мужык зрабіў. Колькі ж пудоў тытуню ён высмаліў у свой час, а потым выкінуў апошні пачак «прымы» – і як адрэзаў! І адкрыццё зрабіў: аказваецца, вакол столькі цудоўных водараў – атрымлівай асалоду. Атрымлівае.
Ён сапраўдны. Вельмі клапатлівы муж, бацька, дзядуля. Выдатны гаспадар. Ягоная жыццёвая філасофія супадае ў тэарэтычнай і практычнай формах. Калі ў нечым перакананы, то гэта канчаткова. У спрэчках наконт нейкіх з’яў-падзей-поглядаў ягонаму гарачаму тэмпераменту цесна. Так было заўчора-ўчора, так ёсць цяпер, так будзе заўтра, і гэта называю карпызінскай канстантай.
…Іосіф Цімафеевіч – дарагі наш рэдактар, шаноўны чалавек, асабліва важная персона ў «веснікаўскай» сям’і. Заўсёды нераўнадушны, бадзёры аптыміст, заўсёды зацікаўлены, ён глядзіць на жыццё з любоўю, молада, зорка, пранікліва. А летняя юбілейная акалічнасць – нагода прыгадаць словы прыгожых песень, дзе «хутка восень, за вокнамі жнівень», «мае гады – маё багацце» і ў прыроды не бывае дрэннага надвор’я, тым больш, калі выспявае ўраджай!

ФАКТ

Пах друкарскай фарбы, гул лінатыпа, адлітыя ў метале радкі тэкстаў, ручны набор, ручная вёрстка, ручная праўка. Потым тыпатайперы, прыпудраныя арыгінал-макеты, якія вазілі ў Баранавічы, дзе друкаваўся тыраж. Многа пазней з’явіўся ў рэдакцыі першы камп’ютар. Іосіф Карпыза ўсё гэта праходзіў не толькі завочнікам журфака, але практыкам-раёншчыкам у сваёй газеце. І, па сутнасці, стаў знаўцам газетнай вытворчасці.

 

Паважаны Іосіф Цімафеевіч Карпыза!
Наш дарагі шаноўны сябар, мудры дарадчык, няўрымслівы жыццярадасны чалавек! Сёння ў Вас юбілей. Прыміце шчырыя віншаванні з 80-годдзем!
Іосіф Цімафеевіч, Вы былі і застаяцеся для нас узорам мэтанакіраванасці і душэўнай гармоніі, бадзёрасці і натхнення, адданасці сваёй справе.
Жадаем Вам моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, радасці, выдатнага настрою і цудоўнага самаадчування. Няхай усе Вашы дні напаўняюцца любоўю родных, жыццёвымі ўдачамі, прыемнымі клопатамі, шчаслівымі сустрэчамі і святамі ў акружэнні дарагіх сэрцу людзей.
Мы Вас любім і заўжды рады бачыць у рэдакцыі «ЛВ».
Вашы «веснікаўцы».

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Рэдактар Карпыза. У юбілейны для раёнкі год юбілей адзначае і гэты масціты журналіст

  • 04/08/2018 в 16:51
    Permalink

    З юбілеем Вас ! . Прыміце шчырыя віншаванні з 80-годдзем!
    Іосіф Цімафеевіч!

    Сябры, чытачы, суседзі дома 37 па вул. Леніна.

  • 06/08/2018 в 08:53
    Permalink

    Часта сустракаю Іосіфа Цімафеевіча ў бібліятэцы, на вуліцы. І заўсёды энергічны, бадзёры, нераўнадушны. Здароўя Вам, паважаны і невычэрпнай энергіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *