Сонечная ўсмешка. Працуе ў Ляхавіцкім раёне дзяўчына-камбайнер

Фота Ангеліны ўпрыгожыла б вокладку любога моднага   глянцавага часопіса, але пашанцавала «ЛВ»: раёнка  ангажыравала дзяўчыну на экспрэс-фотасесію.

Эфектны сюжэт: прыгажуня за штурвалам камбайна. Праўда, за штурвал яна дапушчана старшым камбайнерам Мікалаем Курловічам на хвілінку. На жніве Ангеліна Яфімчык – ягоны памочнік, чытай – часова выконваючы абавязкі камбайнера ва ўборачным экіпажы. З сярэдзіны ліпеня будучая швачка-цырульнік (яна – навучэнка Баранавіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання) спасцігае хлебаробскую навуку.
– Вясковая дзяўчына, але не ўяўляла, наколькі цяжкая і адказная гэта праца, – прызнаецца. І дадае: – Рада і задаволена, што ў маім жыцці з’явілася маё жніво.
Усмешка вельмі ёй да твару, сонечная і шчырая. Хаця, скажу па праўдзе, пасуе дзяўчыне не толькі ўсмешка, а і наогул яе знаходжанне на спелым полі, дзе ўраджай таксама колеру сонца. І не проста знаходжанне – дачыненне да спрадвечнай справы, у якой роднасць жыта і жыцця – не толькі слоўная, а безумоўная.
Якая дробязь, што дзявочыя пальчыкі пакуль без манікюра. Ангеліна ўсё паправіць – яна ж майстар. Але толькі пасля жніва. На жніве беларучкай не атрымаецца. Тут кожная хвілінка дарагая, кожнае імгненне – для справы. Экіпаж Курловіча-Яфімчык шчыруе зранку да вечара. А да гэтага рыхтавалі да ўборкі камбайн, правяралі-пераправяралі яго надзейнасць. Не падвёў іх КЗС-10. На ячменным полі ААТ «Шлях новы» каля хутара Талкачоўка ён запаўняў бункер выспеўшым зернем. Адзін з паўтара дзясятка занятых у таварыстве на жніве. І адзіны ў раёне, на якім выпрабаванне жнівом праходзіць дзяўчына-камбайнер. З неверагоднай усмешкай, што ў дадатак да яе нястомных рук стварае прыгожы партрэт сучасніцы, якая
дакладна ведае цану хлеба.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *