Колер настрою. У Ляхавіцкім раёне працаваў педатрад

Важатыя «чайкаўскага» педатрада.

Чырвоны, зялёны, жоўты, блакітны, аранжавы … У «Чайцы» чацвёртая змена была каляровай. Фарбы вызначалі распарадак дня і яго тэму. Зялёны колер сімвалізаваў здаровы лад жыцця: спартыўныя спаборніцтвы змянялі віктарыны і іншыя забавы. Сіні – колер інтэлектуалаў, правялі «Сваю гульню». Чырвоны фон напоўніў вольны час дзяцей інсцэніроўкамі, прадстаўленнямі і жартамі.

– А яшчэ нашым рабятам спадабалася выконваць заданні па «станцыях», – дзеліцца важатая шостага атрада Юлія Дыдышка. – Трэба сабраць слова (аднолькавае для ўсіх, але ў кожнага атрада яно свайго колеру), часткі якога схаваны па ўсёй тэрыторыі лагера. Вельмі займальна і цікава. Стараюцца ўсе!
У «Чайцы» Юля, як дома. Школьніцай тут адпачывала сама, а сёння ў адказе за вольны час падапечных. У якасці важатай змагла ўвасобіць свае ідэі і жаданні ў цікавыя справы. Дзяўчына сёлета скончыла індустрыяльна-педагагічны каледж і з верасня прыступіць да работы.
Акрамя Юлі ў «чайкаўскай» змене яшчэ шэсць студатрадавак.
Важатая першага атрада Ганна Ермаковіч у захапленні ад дзяцей і калектыву. Сама яна з Лунінецкага раёна. У нашым апынулася з-за сяброўкі, якая вельмі прыгожа распісвала «Чайку». Ганна, дарэчы, ужо мае вопыт працы важатай. Але гэты сезон самы запамінальны. Дзяўчына скончыла два курсы сталічнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа і адзначае, што атрыманы важацкі вопыт абавязкова спатрэбіцца, калі будзе працаваць настаўніцай працы і чарчэння.
Трэцякурсніца Белпедуніверсітэта імя М.Танка Улада Саракавік у мясцовым летніку адпачывала з пачатковых класаў. Сярод важатых таксама не навічок – другі раз у гэтай ролі. Студ-атрад даў дзяўчыне магчымасць раскрыць свае арганізатарскія здольнасці.
– У «Чайку» прыязджаюць вельмі актыўныя і цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі. З многімі пазнаёміліся яшчэ летась. Падабаецца знаходзіць з рабятамі агульную мову, аб’ядноўваць іх, такіх розных, у адну дружную каманду, а яшчэ бачыць шчаслівыя твары. Вельмі прыемна, што пры сустрэчы па-за летнікам заўсёды вітаемся як даўнія сябры, – не хавае эмоцый Улада.
Старшы выхавальнік чацвёртай змены Таццяна Абражэвіч задаволена працай байцоў педатрада:
– Творчыя, крэатыўныя, з дзецьмі на адной хвалі.
В.а. першага сакратара райкама БРСМ Марыя Лутавінава расказала, што студэнцкія педатрады ў раёне – адна з распаўсюджаных формаў працаўладкавання юнакоў і дзяўчат.
Зараз пры райкаме БРСМ фармі-руецца студатрад, які будзе заняты на ўборцы яблыкаў у ААТ «Шлях новы». І пакуль яшчэ маюцца вакансіі.
3 жніўня паспяхова завяршылі сваю дзейнасць студатрады «Ударнік» і «Флагман». «Ударнікі» ўдарна ўбіралі цюкі саломы з палёў ААТ «Жарабковічы». Праца – не курорт: сонца паліла, «кусалася» салома. Але справіліся!
Камандзір студатрада Максім Свірэпа расказваў, што вельмі стараліся апраўдаць назву свайго атрада. Зарабілі, у тым ліку, і працоўныя кніжкі. Упэўнены, што ў студэнцкім жыцці ён (сёлета пасля заканчэння ЛДАКа Максім паступіў у БарДУ на інжынерны факультэт) не раз яшчэ ўспомніць смачныя жарабковіцкія абеды – іх дастаўлялі прама ў поле.
«Флагманаўцы» займаліся добраўпарадкаваннем былой сядзібы Чарноцкіх, шчыравалі на начаўскім зернетаку. Водзывы пра летнюю працу маладых – станоўчыя.
Студатрад – гэта здорава!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва «Чайкі»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *