Слова роднае, жывое, гаваркое. Ляхавічане падзяліліся, што для іх дзень беларускага пісьменства

У кожнага свая сцяжынка да ведаў, слова, роднай мовы, кнігі і свае асацыяцыі, звязаныя з днём беларускага пісьменства. Што для нашых землякоў гэтая падзея, гэтае свята – тэма жнівеньскага апытання «ЛВ».

Іосіф КАРПЫЗА, журналіст:
– Дзень беларускага пісьменства – напамін, што мы не павінны, не маем права забываць пра свае вытокі. Гэта яскравае пацвярджэнне, шчырая ўдзячнасць нашчадкаў тым, хто ствараў гісторыю беларускага слова, стаяў ля вытокаў кнігадрукавання. Шчыра ўсхваляю традыцыю культурных фэстаў, што згуртоўваюць людзей, якія шануюць гісторыю. Гонар для Брэстчыны і нас, яе жыхароў, сустракаць гасцей з усёй Беларусі і замежжа на свяце ў Іванаве.

Зоя ОСІПАВА, педагог:
– Выкладала рускую мову і літаратуру, але добра ведаю і беларускую. Прыгожую, мілагучную мову палюбіла, калі настаўнічала ў Навасёлках. Паважаю творчасць беларускіх класікаў, але ўсё ззянне фарбаў трапяткога мілагучнага беларускага слова, якое так кранае душу, захапляе, натхняе, для мяне адкрыў мой муж Карл Турко. Ён пісаў вершы на роднай мове, якую вельмі любіў, ведаў і бясконца вывучаў. Карл Станіслававіч выпусціў паэтычны зборнік «Заўсёды з вамі». І як жа прыемна і хвалююча, калі сёння на літаратурных вечарынах, творчых сустрэчах гучаць яго вершы…
А яшчэ з задавальненнем чытаю «Ляхавіцкі веснік». Дзякуй, газетчыкі, за шанаванне беларускай мовы.

Міхаіл ЛУЧЫЦ, бібліятэкар:
– Мая прафесія – кнігі і ўсё, што з імі звязана. Магу чытаць гадзінамі. Сачу за літаратурнымі навінкамі, але застаюся прыхільнікам класікі. Дакладна нават і не скажу, колькі разоў перачытваў і нібы зноў перажываў лёс герояў «Сэрца на далоні», «Палескай мадонны», «Трывожнага шчасця» Івана Шамякіна. Як можна не любіць «Вазьму твой боль», тым больш, што па творы зняў фільм наш славуты зямляк Міхаіл Пташук.
Разам з калегамі стараюся прывіць юным чытачам бібліятэкі любоў да кнігі. Ладзім сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, праводзім канферэнцыі, абмеркаванні, дыспуты. Шмат цікавага, прымеркаванага да Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства, плануем арганізаваць напрыканцы жніўня – пачатку верасня. Расказваем юным землякам пра першадрукароў і асветнікаў, знаёмім з творчасцю класікаў і сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, у тым ліку нашых землякоў.

Кацярына Вялічка, студэнтка:
– Я – будучы праграміст. Але вельмі люблю кнігу, прычым нейкай перавагі асобным жанрам не аддаю. Асабліва падабаюцца творы Кандрата Крапівы. Яго іронія і сатыра будуць актуальныя і зразумелыя заўсёды. Памятаю, як мяне, дашкольніцу, бабуля ўзяла з сабой на хрэсны ход: праз Падлессе і Ляхавічы праходзіла рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яе сэнс зразумела, калі стала больш дарослай, і цяпер з цеплынёй успамінаю, як напачатку верасня 2004 года ўпершыню далучылася да свята беларускага слова.
Запісала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *