Што і калі пасееш, тое і пажнеш. Хлеб, бульба і рака цукровага бурака

Выкарыстана ілюстрацыя

Сярод мноства работ і бясконцых сельскагаспадарчых клопатаў гэтым часам лёгка вызначыць адзін з галоўных прыярытэтаў. Азімая сяўба, несумненна, адносіцца да ліку такіх. Аграрная аперацыя абмежавана часавымі рамкамі, выхад за якія гарантавана адаб’ецца на будучых ураджаях.

Падлічана, што кожныя суткі пратэрміноўкі пагражаюць стратай да аднаго працэнта ўраджаю. Аптымальны пасяўны перыяд збожжавых культур фінішаваў. Аднак, не ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна фінішавалі з сяўбой, чым ужо на першых кроках палявой дыстанцыі «пагадзіліся» з непазбежным ураджайным недаборам. Менш чым на 35 працэнтаў, па стане на пачатак бягучага тыдня, збожжавымі адсеялася КСУП «Тальмінавічы», прыкладна пятая частка запланаваных пад азіміну плошчаў застаецца не кранутай насеннем у «Ліпнянцы», у райаграсэрвісе не засеяна трэцяя частка азімых палеткаў. Акрамя ЗТАА «БелДан», якое таксама працягвае даганяць, астатнія гаспадаркі раёна свой азімы збожжавы клін ужо «закальцавалі». Хоць і не ўсе з іх паставілі пасяўныя агрэгаты ў боксы для захоўвання: сяўбой не на зерне гаспадаркі працягваюць займацца.
Вядзецца ўборка саломы, зяблевая апрацоўка глебы, да завяршэння падыходзіць бульбяная кампанія. З пяцёркі раённых бульбаводаў работы завяршылі чатыры. «Ляхавіцкі», напрыклад, на 85 гектарах накапаў амаль 3,2 тысячы тон клубняплодаў. У райаграсэрвіса ўраджайнасць куды меншая – каля паўтары сотні цэнтнераў на круг. У «Начы» кожны з двух пасаджаных і выкапаных гектараў даў аж 415 цэнтнераў бульбы. Жарабковіцкая гісторыя працягваецца, вызначаецца добрым ураджаем і на апошніх гектарах.
Высокую ўраджайнасць дэманструе жарабковіцкая салодкая ніва. Цукровыя гектары гаспадаркі даюць у сярэднім за 600 цэнтнераў на круг. Убрана каля 45 працэнтаў ад пасеянага. Пры гэтым, план па лініі паставак караняплода ў залік дзяржаўнага заказу «Жарабковічы» выканалі больш як на тры чвэрці. Больш за 17500 тон буракоў перапрацоўшчыкам з Жабінкі ўжо адпраўлена. А салодкі канвеер працягвае свой бег. У тым ліку і за кошт паставак ААТ «Шлях новы» і «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *