Вось гэта кірмаш! У Ляхавічах гудзеў кірмаш, спяваў кірмаш, гандляваў, задавольваў попыт землякоў

У мінулую суботу рыначная плошча была, вобразна кажучы, з аншлагам. «Вось гэта кірмаш!» – задаволена выказала мусіць усеагульнае меркаванне адна са шматлікіх пакупніц на гэты раз багатай «базарнай» прапановы.

Гудзеў кірмаш, спяваў кірмаш, гандляваў, задавольваў попыт землякоў на традыцыйную сельскагаспадарчую прадукцыю, хлебна-кандытарскую, вырабы рамеснікаў і народных умельцаў (прычым не толькі з нашага раёна, былі нават з Віцебшчыны). СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», ДП «Нача», райаграсэрвіс гандлявалі хто бульбай, хто кукурузай, хто зернем, хто саломай, хто мясам, а хто ўсім адразу. На лясгасаўскі мёд, як пчолы, зляталіся шматлікія пакупнікі, якія сцвярджалі, што гэта смачна-гаючая прапанова вышэйшай якасці. Фермеры з нашага і суседніх раёнаў, лічы, задаволілі попыт на агародніну-садавіну. А калі б пасяліць на пастаяннае месца жыхарства на адну плошчу ўсе саджанцы, якімі гандлявалі на кірмашы, дык атрымаўся б цудоўны сад з традыцыйнымі пладовымі і дэкаратыўнымі дрэвамі і кустамі ўперамешку з экзатычнымі.
Самым «шматпланавым» па асартыменце было райпо: хлеб, кандытарскія вырабы, усемагчымыя сарты мяса і паўфабрыкаты, агародніна, садавіна, журавіны, квашаная капуста, салёныя агуркі, памідоры, тавары гаспадарчага прызначэння, гарачыя пончыкі і піражкі… – усяго не пералічыш. Многае было прадумана і прадугледжана.
На гэты раз на кірмашовай сцэне гаспадарыла навасёлкаўская «Вечарніца», галасістая, гумарная, вострая на слова і народная ва ўсіх сэнсах.
Ці былі задаволены пакупнікі?
– Пакупак зрабіла нават больш, чым планавала, – задаволена падзялілася ўсмешлівая кабета.
– На першым кірмашы не ўдалося набыць мёду, а сёння запас на зіму зроблены, – падхоплівае другая.
– А я вось зерня дакупіў – трымаю гаспадарку, капусты цэлы мех – пара шаткаваць, – далучаецца да размовы мужчына.
Магчыма, хтосьці поўнасцю і не задаволіў свае пакупніцкія інтарэсы, аднак заўважым, што цяжка было не знайсці тавару па гусце. Тым больш, што валанцёры ад БРСМ з гатоўнасцю дапамагалі паднесці цяжкія мяхі да машын, пагрузіць іх і пры гэтым павіншаваць землякоў з пакупкамі.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *