Да твару і сукенка, і пагоны

Прапанова дапамагчы «ЛВ» выбраць наступнага героя «веснікаўскага» подыума спрацавала!  На пошту, вайбер і ў інстаграм пасыпаліся прапановы з кандыдатурамі ў газетную рубрыку. Адна зацікавіла асабліва. Падпісчыца ўпэўніла, што «такая дзяўчынка класная, цікавая, працуе ў АДАІ, займаецца спортам і…» астатняе раскажа «ЛВ».

Патэлефанавала ёй, расказала пра рубрыку, прапанавала выйсці на подыум «ЛВ». Яна на наш эксперымент пагадзілася, і адразу ж перайшлі да дэталяў фотасесіі: што выберам у якасці інтэр’ера, якое ўбранне лепш перадасць задумку рубрыкі і г.д. А яшчэ прапанавала крыху змяніць паслядоўнасць выхадаў: маўляў, калі памяняць вобразы, атрымаецца больш эфектна.
Знаёмцеся. Сімпатычная, абаяльная, мілая ляхавічанка Ганна Піліпчык. Па дарожцы гарадскога парку адпачынку яна ішла, як гавораць, паходкай ад бядра, вецер развіваў залацістыя локаны, завяршалі вобраз шчырая прыгожая ўсмешка і чароўны позірк. Калі слэнгава, так і хочацца пракаментаваць: адпад!
Ганна пазіруе, і ў яе гэта атрымліваецца з лёгкасцю. Пасуе дзяўчыне фотазона, у якасці якой стала кастрычніцкае жоўта-аранжавае аздаб-ленне. Праглядаем фотаздымкі. Як гавораць у асяроддзі фатографаў: камера яе любіць.
– Да сустрэчы заўтра на маім працоўным месцы, – на развітанне гаворыць прыгажуня.
Толькі цяпер у якасці фотазоны – рабочы кабінет АДАІ, інтэр’ерныя рэчы – кіпы прававых дакументаў і камп’ютар, а на стаянцы – адпаведны спецтранспарт. Убранне нават не абмяркоўвалася – строга па статуце.
І вось замест той летуценнай дзяўчынкі, што ішла па скверы, з будынка РАУС выходзіць сур’ёзны часова выконваючы абавязкі старшага інспектара па адміністрацыйных правапарушэннях лейтэнант міліцыі Ганна Піліпчык. Пра тое, што ёй пасуе міліцэйская форма, і гаварыць не будзем, паглядзіце на фотаздымкі. Але як жа разам з убраннем змянілася наша гераіня! Усмешка вытрыманая, тон больш афіцыйны, ды і тэмы размовы не пра моду і касметыку. Расказвае пра міліцэйскія будні – пра падрыхтоўку актаў адміністрацыйных правапарушэнняў для далейшага разгляду, прафілактыку правапарушэнняў на дарозе, як вядзецца ўлік вадзіцельскіх пасведчанняў і шмат іншых «нежаночых» тэм.
Жартуе, што цяпер яе любімая літаратура – правілы дарожнага руху, шматлікія нарматыўныя дакументы і, канешне, дэтэктывы.
– Разумею, што праца павінна заканчвацца там, дзе пачынаецца парог дома. Але, напэўна, ні адзін чалавек у форме гэтага правіла не прытрымліваецца. Пракручваеш рабочыя моманты, калі займаешся хатнімі справамі, прадумваеш, што зрабіць заўтра, каб нічога не ўпусціць, і перад сном. Напэўна, так увогуле ў кожнага, хто любіць сваю работу, –  гаворыць Ганна.
Такая розная ў вячэрняй сукенцы і ў міліцэйскай форме, але аднолькава прыгожая дзяўчына, цікавы суразмоўца і проста класны чалавек.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

P.S. Наступны выхад ваш…

Спадзяёмся, гэты праект ад «веснікаўцаў» вам, паважаныя чытачы, даспадобы. І вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступных вытворчых і фэшн-фотасесій нашых землякоў.
«ЛВ» адкрывае кастынг (не турбуйцеся, ён без моднага прыгавору). Вы жадаеце стаць героем праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…»? Калі ласка, мы толькі за! Разгарнём фотазону на працоўных квадратах і ў міг скрэацівім наконт моднага пераўвасаблення. А можа сярод вашых знаёмых, калег, сяброў ёсць проста стопрацэнтная кандыдатура для гэтай задумкі? Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары бээрэсэмаўскіх пярвічак, старшыні прафкамаў, прыгледзьцеся і падкажыце нам. А «веснікаўцы» возьмуць справу ў свае рукі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *