Гульня – гэта сур’ёзна. У Ляхавічах адкрылі тэматычную супрацьпажарную дзіцячую пляцоўку для гульні

 

Замілаванне выклікаюць выхаванцы дзіцячага садка, якія прымералі міні-форму выратавальнікаў. Дашкаляты не толькі яе апранулі, але і паспыталі сябе ў якасці пажарных. Канешне, гэта гульня, а яна, як вядома – справа сур’ёзная.
У мінулую пятніцу ў райцэнтры на тэрыторыі ясляў-сада №4 было асабліва шматлюдна. І нагода для гэтага была што ні на ёсць прыемная: адкрыццё першай у Ляхавіцкім раёне тэматычнай супрацьпажарнай дзіцячай пляцоўкі для гульні.

Ініцыятыву РАНС стварыць такую прафілактычную пляцоўку падтрымалі ў аддзеле па адукацыі і неабыякавыя землякі. Неабходныя абноўкі, у тым ліку форму для самых-самых юных выратавальнікаў набылі спонсары ПГУП «Переделка века», ТАА «МедЛідЭкспарт».
Што і гаварыць, пашчасціла хлопчыкам і дзяўчынкам. Дзе яшчэ ў садаўскім узросце можна адчуць сябе пажарным, праехаць у касцы выратавальніка на чырвонай машыне, скруціць няхай цацачны, але брандспойт. Цяпер яшчэ з большым жаданнем тутэйшыя выхаванцы спяшаюцца на прагулку: ім можна не толькі гуляць, але і вывучаць правілы пажарнай бяспекі, як сябе паводзіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі.
Такая пляцоўка першая ў нашым раёне, але не апошняя. Інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна расказала, што ў наступным годзе аналагічныя будуць абсталяваны ў дзіцячым садзе №1 райцэнтра і Жарабковіцкай СШ.
Прафілактыка – адна з форм работы райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Сёлета праведзена больш за сотню акцый у дзіцячых садках і каля 190 – у школах. Самыя запатрабаваныя – «Не пакідайце дзяцей адных», «Канікулы без дыму і агню», «Моладзь за бяспеку».
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *