ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». У пошуках аптымальнага смаку

Варшчык Валянціна Грыцкевіч.

У цэхах кансервавага работа кіпіць незалежна ад сезона. На канвееры слоікі з саленнямі, соусамі, салатамі, варэннем, сокамі. У асартыменце – больш за сотню найменняў прадукцыі. І на складзе яна не залежваецца, адпраўляецца па ўсёй краіне ў магазіны, школы, дзіцячыя садкі, бальніцы. Спажыўцы добра ведаюць смак ляхавіцкіх кансерваў. Некалькі гадоў назад спецыяльна для дзіцячага харчавання распрацавалі рэцэптуру агуркоў без вострых прыпраў і спецый.

Адметна, што значную  частку агародніны для перапрацоўкі клапатліва вырасцілі ў падсобнай гаспадарцы прадпрыемства.У сезон тут шчыруе ці не ўвесь калектыў кансервавага: сеюць, полюць, збіраюць ураджай. Са 130 гектараў сёлета сабралі амаль паўтысячы тон кабачкоў, больш чым па 250 тон буракоў і шчаўя, дзве сотні тон морквы, 80 тон цыбулі і іншую агародніну, не гаворачы пра зяленіва.
Менавіта пад густ спажыўцоў распрацоўваюць рэцэптуру кансерваў. Фасоля з агароднінай, вінегрэт, фасоля «Рапсодыя» , фасоля з капустай «Фасіліса» і многае іншае. Ікру з кабачкоў, напрыклад, выпускаюць чатырох відаў: з увараных кабачкоў, аматарскую, дыетычную, «ляхавіцкі ўраджай».
Для зручнасці пакупніка на заводзе закручваюць соусы-закускі і ў невялікія 280-грамовыя слоікі. Попыт нараджае прапанову: зноў пачалі выпускаць малінавае і клубнічнае варэнне. Грыбная восень увасобілася ў салянку са свежай і квашанай капусты. Прычым капусту таксама квасяць самі.
Гаспадарскі падыход і прадуманая маркетынгавая палітыка забяспечваюць стабільную і бесперабойную работу прадпрыемства. За 10 месяцаў сёлета выпушчана 19 мільёнаў умоўных слоікаў кансерваў – на 5,6 працэнта больш, чым у мінулым годзе. Адпаведна павялічыўся і прыбытак.
Механізм завода круціцца зладжана, дзякуючы аддачы кожнага з больш як 130 работнікаў калектыву. Марыя Кулак, напрыклад, 32 гады назад пачынала працу на кансервавым фасоўшчыцай, была падрыхтоўшчыкам харчовай сыравіны, зараз – варшчык. У Валянціны Грыцкевіч стаж варшчыка пакуль невялікі, але з абавязкамі на заводскай «кухні» спраўляецца, як вопытная гаспадыня. Трактарыст-машыніст Уладзімір Бакун з сезона ў сезон шчыруе ў падсобнай гаспадарцы. Добрыя словы за працу заслужылі і яго калега Віктар Свірыд, вадзіцель Аляксандр Галіцкі.
– Кожны наш працаўнік выдатна ведае свой участак дзейнасці, адказвае за яго. Зладжанай камандай стараемся не толькі захоўваць традыцыі, але і пашыраць асартымент, – падкрэслівае дырэктар завода Сафія Болтуць. За без малога чатыры дзесяцігоддзі на прадпрыемстве яна дасканала вывучыла ўсе вытворчыя нюансы, прайшла ўсе прыступкі майстэрства.
І Сафія Чаславаўна, і яе калегі месца сваёй працы называюць з гонарам: Ляхавіцкі кансервавы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *