Алімпіяда ацаніла эрудытаў

На працягу амаль месяца юныя эрудыты дэманстравалі свае веды падчас раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у тым ліку ўпершыню – па фізкультуры. Усяго ў іспытах прынялі ўдзел 240 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх школ раёна, 54 удзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступеняў. Трэць прызёраў – гімназісты. Сёлета павялічылася колькасць дыпламантаў з сельскіх устаноў адукацыі, асабліва вызначыліся Жарабковіцкая і Крывошынская СШ – па пяць дыпломаў на рахунку кожнай.
У гэты ж час праходзіла краязнаўчая алімпіяда. Школьнікі прыгадвалі прозвішчы знакамітых землякоў, правяралі веды па гісторыі малой радзімы, успаміналі яе галоўныя прыродныя, архітэктурныя, культурныя каштоўнасці. Пераможцай стала дзесяцікласніца гімназіі Анастасія Богдан. На другім месцы вучань 9 класа СШ № 1 Міхаіл Мартынюк і яго равесніца Ангеліна Ламанос з СШ № 2. Дыплом ІІІ ступені ў дзевяцікласніка Начаўскай СШ Міхаіла Чалядкі і васьмікласніцы Навасёлкаўскай СШ Карыны Галавін.
Галіна КАНЬКО.