Сустрэча з натхненнем. «Ляхавіцкі веснік» правёў Дзень падпісчыка

У гэтых словах – простае, але такое шчырае прызнанне раёнцы ў чытацкай любві. Нескладаная журналісцкая формула: чытачы газеты, наведвальнікі сайта, падпісчыкі сацыяльных сетак, а цяпер і ўдзельнікі групы ў вайберы – самая важкая прычына, неабходная ўмова для творчасці.
А сустрэчы падчас падпісных дзён можна без сумнення назваць спатканнем з натхненнем. Усё проста: заўвагі адразу трапляюць у журналісцкі блакнот, у лік тэм, што абмяркоўваюцца падчас лятучак; прапановы таксама не застаюцца па-за ўвагай карэспандэнтаў.

Шчыра радуемся, калі чарговая вострая тэма, якую ўзняў «ЛВ», фотарэпартаж, замалёўка, інфармацыя не пакінулі чытачоў раўнадушнымі. А яны ў сваю чаргу напісалі ў газету, пракаментавалі ВКонтакте ці Аднакласніках, падзяліліся фота ў інстаграме ці вайберы.
Прадоўжыць падпіску на «ЛВ» – важны пункт у спісе спраў на снежань 2018. У мінулую сераду падчас Дня падпісчыка выканалі свой газетны абавязак шмат прыхільнікаў раёнкі.
– Серада і субота ­– «веснікаўскія» дні. Газету выпісваем даўно, яна нас задавальняе. Вольны час – і ў руках абавязкова наш «ЛВ»! – гаворыць ляхавічанка Вера Бярэзіч і афармляе квартальную падпіску.
– З раёнкай у новы 2019-ты, – з гэтымі словамі атрымлівае квітанцыю Антон Несцяровіч. Па яго федзюкоўскім адрасе раёнка ідзе не адно дзесяцігоддзе.
А яшчэ падпіска на любімую газету можа стаць класным навагоднім падарункам блізкаму чалавеку. Магчымасцю здзівіць арыгінальнасцю ў выбары падарунка скарысталіся і чытачы «ЛВ».

«Веснікаўцы».
Фота Маргарыты КУХТА.