Пуцёўка ў заўтра

Ты куды паступаў? Прайшоў? Віншую!» — гэтыя словы сёння можна пачуць часта. А ўступная кампанія, між іншым, працягваецца.
Знайсці сваё месца ў жыцці і вызначыцца з навучальнай установай — задача не з лёгкіх. Ад правільнасці выбару часам залежыць будучыня. Сёння ў школах вядзецца прафарыентацыйная работа, накіраваная на выяўленне індывідуальных асаблівасцяў вучняў, што дазваляе школьніку лепш зразумець сябе, свае схільнасці, патрэбы, здольнасці і свядома падысці да выбару прафесіі. Кожны сам робіць свой выбар.
25 ліпеня завершаны прыём дакументаў у ВНУ рэспублікі на бюджэтную форму навучання. 29 ліпеня быў апошні дзень падачы дакументаў у ССНУ на дзённую форму на аснове агульнай базавай адукацыі. З 16 ліпеня па 8 жніўня 2012 вядзецца прыём дакументаў ў ССНУ на базе сярэдняй школы.
Даволі часта выпускнікі выбіраюць сельскагаспадарчую спецыяльнасць. Вось і ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы ў перадапошнія дні ліпеня было шматлюдна.
На 2012/2013 навучальны год на дзённую форму навучання на 3 аддзяленні (агранамічнае, заатэхнічнае і ветэрынарнай медыцыны) плануецца набраць 230 навучэнцаў (з іх 55 на ўмовах аплаты). Дарэчы, большай папулярнасцю карыстаецца агранамія, — расказвае старшыня прыёмнай камісіі ЛДАКа Мікалай Краўчук.
На момант падрыхтоўкі матэрыялу стаць навучэнцамі каледжа выказалі жаданне больш за 100 чалавек. Гэта пераважна выпускнікі школ Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Клецкага раёнаў. Кожны год геаграфія паступаючых расшыраецца. Сёлета ёсць абітурыенты з Гомельскай, Гродзенскай абласцей і з Брэста. Яны падалі дакументы ў прыёмную камісію, якая працуе кожны дзень, акрамя нядзелі, з 9.00 да 18.00 без перапынку на абед. Масавы наплыў абітурыентаў у ЛДАК чакаецца пасля залічэння ў ВНУ рэспублікі.
— Ці адбыліся змяненні ва ўмовах паступлення?
— У правілах прыёму ў ССНУ Беларусі змен не адбылося. У ЛДАК залічэнне на ўсе спецыяльнасці праводзіцца па конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, у якім адзнакі павінны быць не ніжэй «тройкі».
— Мікалай Іванавіч, з якімі баламі прыходзяць да вас абітурыенты сёлета?
— Самы высокі бал атэстата пасля заканчэння сярэдняй школы — 8,4 — мае абітурыент, які паступае на агранамічнае аддзяленне, пасля базавай школы — 8,6 (аддзяленне ветэрынарнай медыцыны і заатэхніі).
— Мяркуючы па адрасах, адкуль прыязджаюць абітурыенты, ды і навучэнцаў, не толькі жыхары Брэсцкай вобласці выбіраюць ЛДАК…
— І гэта не выпадкова. Крэда навучальнай установы — праз практычнае навучанне да любові да прафесіі і глыбокіх ведаў. 60 працэнтаў вучэбнага часу адведзена на практычнае навучанне (вучэбная, вытворчая, тэхналагічная і пераддыпломная практыкі). Нас ведаюць далёка за межамі Брэсцкай вобласці і нават Рэспублікі Беларусь. Многія з выпускнікоў ЛДАКа дабіліся значных поспехаў у кіраўніцкай і гаспадарчай дзейнасці. Сёння ў каледжы вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў на 3 аддзяленнях па 4 спецыяльнасцях: агранамія, плодаагародніцтва, заатэхнія, ветэрынарная медыцына. Разам з асноўнай спецыяльнасцю навучэнцы заатэхнічнага аддзялення атрымліваюць рабочую прафесію аператара машыннага даення, аператара штучнага асемянення, пасведчанне трактарыста-машыніста катэгорыі «А», будучыя ветэрынары — аператара па штучным асемяненні жывёл і птушкі, плодаагароднікам выдаецца пасведчанне садавода і агародніка, аграномам — пасведчанні трактарыста катэгорыі «А» і вадзіцеля катэгорыі «В». Тэарэтычная падрыхтоўка грунтоўная, практычная — таксама. Спецыяльнасці, якія юнакі і дзяўчаты атрымліваюць у нашым каледжы, надзвычай запатрабаваныя, навучанне сучасным аграрным тэхналогіям — усебаковае і поўнае.
Ну і, не апошняя акалічнасць, усе іншагароднія навучэнцы забяспечваюцца інтэрнатам. Каледж запрашае і чакае тых, каго цікавіць сельская гаспадарка і ўсё, што з ёй звязана, на вучобу.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *