Двойчы на тыдзень і без спазненняў. Фірменны почырк «Сівізны» – шчырасць і «эфект нерухомасці»

Мне запомніўся школьны канцэрт, які ладзіўся напярэдадні свята Перамогі. Песні, вершы, творчыя нумары ў выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак. У зале было шумна: вядома ж, моладзь робіць тысячу спраў адначасова.
– Для вас спявае народны клуб ветэранаў вайны і працы «Сівізна» раённага метадычнага  цэнтра, – аб’явіў вядучы.
Загучаў баян, па нарастаючай далучылася меладычнае шматгалоссе: «Эх, дороги, пыль да туман».
Вядомыя словы і матыў, а пачуццё – нібы чуеш  упершыню. Усе, хто ў той момант адключыўся на тэлефон, адклалі гаджэты і перавялі ўвагу на харыстаў. Зала слухала, зала правяла некалькі хвілін у моцным захапленні. Гэта і ёсць фірменны почырк «Сівізны».

Трымае марку яна цвёрда і ўпэўнена. Прайшло больш за дзесяцігоддзе, і я ў закуліссі канцэртнага жыцця гэтага ўнікальнага мастацкага калектыву. На рэпетыцыі цёпла, утульна, так па-дамашняму, нібы трапіў на вячэрні агеньчык. Гучыць глыбокая, пяшчотная песня, ледзь стрымліваеш слёзы – «Маміна вішня» на верш нашага земляка паэта Леаніда Пранчака. Музыку напісаў акампаніятар «Сівізны» Іван Пішч.
Кіраўнік клуба Жанна Абрамовіч пераканана:
– Можна мець выдатныя вакальныя даныя, але без шчырасці і любві песня прагучыць, калі так можна сказаць, міма. Удзельнікі «Сівізны» ведаюць, пра што спяваюць. Жыццё ў кожнага насычанае, а вопыт не проста вялікі – бясцэнны: яны ўздымалі цаліну, будавалі, аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку, вучылі…Нам ёсць што сказаць-расказаць, і робім мы гэта праз песню.
Праз песні да сэрцаў і пачуццяў, заўсёды трапна і з любоўю вось ужо 25 гадоў «Сівізна» ўражвае гледачоў-слухачоў, упрыгожвае сваёй творчасцю раённыя святы. Ведаюць нашых не толькі на Ляхавіччыне. Фэсты, конкурсы, агляды – калі падлічыць, далі за тысячу канцэртаў. На жаль, не заўсёды ёсць транспарт, каб даехаць на чарговую творчую сустрэчу ў іншы горад.
Двойчы на тыдзень па панядзелках і чацвяргах у 14.00 у гарадскім Доме культуры. Быць абавязкова і без спазненняў: рэпетыцыя.
Акампаніятар Аляксандр Гуліцкі жартуе, што гэта адзіны калектыў раёна, які поўным саставам прыходзіць на рэпетыцыі і ніколі не спазняецца.
З першых дзён у клубе Алена Анушкевіч, Тамара Шпак, Інэса Білан, Соф’я Кісель, Раіса Сініца, Ніна Астравух. Гэта як жа трэба любіць песню, любіць і паважаць «Сівізну», каб столькі часу быць побач.
– Проста сюды хочацца прыйсці, як магнітам цягне. Спяваем тое, што падабаецца, да чаго ляжыць душа, ды і спяваем таму, што без гэтага не можам жыць. Мы – сябры, і стаж нашых стасункаў ужо чвэрць стагоддзя. Нават не верыцца. Колькі прайшло часу, колькі мы ездзілі з канцэртамі – не злічыш. Ды і запланавана нямала, – расказвае Алена Анушкевіч.
У 93-м зацікаўленыя Сяргей Сазановіч і Надзея Папко (першыя музычныя кіраўнікі «Сівізны») сабралі вакол сябе такіх жа «агеньчыкаў», нераўнадушных і энергічных. Тады гэта быў хор ветэранаў-педагогаў. І пачалі спяваць. Праз шэсць гадоў калектыў абараніў статус «народнага». І з тых пор яго годна пацвярджае.
Дарэчы, сакрэт поспеху ўдзельнікі клуба бачаць і ў сваім кіраўніку. У адзін голас сцвярджаюць: у яе талент і не толькі музычны. Атрымалася з’яднаць 26 вельмі дарослых людзей з рознымі характарамі, штодзённым зменлівым настроем і сваімі густамі. З Жаннай Анатольеўнай, гавораць, вельмі проста, яна разумее, падтрымлівае. А якія выдае ідэі! За іх увасабленне бяруцца з вялікім энтузіязмам.
У клубе працуюць дзве секцыі: вакальна-харавая і тэатральная.
З першай зразумела. А вось у тым, што ўдзельнікі «Сівізны» –
выдатныя акцёры, землякі ўпэўніліся пасля прагляду іх пастаноўкі «У вайны не жаночы твар» па творы Святланы Алексіевіч. З тэатральным візітам пабываў клуб і ў ЛДАКу. «Эфект нерухомасці» спрацаваў і там.
Яны ўмеюць стварыць свята і для сябе. Свой сярэбраны юбілей адзначылі па-сямейнаму. Людзі, якія прыйшлі на свята, словы-ўспаміны, што гучалі, бясцэнныя. Сярод гасцей – і дзеці былых удзельнікаў клуба. Эксклюзіўныя кадры і відэазапісы першых выступлен-няў, тэксты песень, перапісаныя ад рукі, – усё гэта цяпер у імправізаваным музеі калектыву. «Сівізна» як часавы партал, вяртае ў мінулае. І хоць Валянціна Смаль больш не выступае, на юбілейным вечары разам з Соф’яй Кісель, як раней, выканала любімую песню.
Моцнае, надзейнае і па-сапраўднаму дружнае ў «Сівізны» мужчынскае гучанне. Нельга ўстаяць, калі чуеш у іх выка-нанні «Что так сердце, что так сердце растревожено…».
Ёсць у клуба і свой гімн, аўтар якога Леанід Швед. Пра тое, што для яго гэтыя творчыя сустрэчы, падказаў знайсці адказ якраз у гімне:

«Мы радуем своими голосами,
Как в те ушедшие года.
Поют ребята с белыми висками,
И наша юность с нами навсегда»
.

А Іван Татарыновіч тут, у клубе, пазнаёміўся… са сваім суседам Віктарам Алейнікам. Цяпер яны лепшыя сябры.
І ў кожнага ўдзельніка «Сівізны» свае прычыны прыходзіць сюды двойчы на тыдзень і без спазнення. Спяваць, ствараць, абмяркоўваць, дзяліцца навінамі і працягваць здзіўляць…

Маргарыта КУХТА. Фота аўтара і з архіва «Сівізны».