Калі кожны дзень сонечны

Бывае так, што размаўляеш па тэлефоне з чалавекам, і яго інтанацыя, голас пачынаюць складвацца ў партрэт. Так адбылося, калі дамаўлялася пра сустрэчу з ляхавічанкай Вольгай Таранда. Гудок – і на другім канцы проваду гучыць звонкі жыццярадасны голас. Адпаведна, «фарбы» для партрэта толькі цёплыя, светлыя з сонечнымі водбліскамі. Аказалася, так і ёсць: Вольга абаяльны, гасцінны і цікавы чалавек. На падыходзе да яе дома на вуліцы Леніна заўважыла квітнеючае акно з архідэямі. Падумалася: такія кветкі можа вырасціць чалавек з лёгкай рукой і добрым сэрцам. Архідэі аказаліся Вользінымі… Здавалася, што мы знаёмыя не пару мінут, а шмат гадоў. Размаўлялі пра кветкі, рукадзелле, хатніх гадаванцаў і жыццёвыя скрыжаванні.

Вольга да падлеткавага ўзросту мала чым адрознівалася ад равеснікаў: вучылася, хадзіла на дыскатэку, зачытвалася прыгодніцкімі раманамі і марыла стаць урачом. Да такой мары падштурхоўвала частае знаходжанне ў бальніцах. Паступова хвароба пачала не проста падаваць сігналы, а настойліва змяняла звыклы расклад жыцця. Прыроджаная спіннамазгавая грыжа і другая група інваліднасці падкарэкціравалі мары і жаданні. Але жыццё, расказвае Вольга, не закончылася – побач былі родныя, сябры і проста добрыя людзі.
…Мама Гелена Антонаўна працавала майстрам у швейным атэлье, і Вольга, можна сказаць, вырасла сярод умельцаў. Ад іх многаму навучылася, у тым ліку і швейнай справе. Сцяжок у яе атрымліваўся роўны і акуратны. Гадоў 15 адпрацавала швачкай у цэху ад раённага таварыства інвалідаў. З-пад яе рук выходзілі бялізна, кашулі, спяцоўкі. Потым – надомная праца. Успамінае час, калі кожны крок даваўся праз боль, а пешыя прагулкі сталі вялікай раскошай – толькі пад руку з праважатым і на невялікую адлегласць.
Але сядзець склаўшы рукі не ў яе характары. Пачала наведваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Там яшчэ больш упэўнілася, што абмежаваныя магчымасці пры жаданні могуць стаць неабмежаванымі. Захапілася бісерапляценнем. Дрэвы, кветкі і іншыя вырабы атрымліваліся такія, што з’явіліся жадаючыя іх набыць. Убачыла вязаную цацку – спадабалася. Навучылася з нітак ствараць адмысловую прыгажосць. Седзячы дома, не вельмі разгонішся ў гандлі. Выйсце падказалі супрацоўнікі аддзялення: параілі аформіць рамесніцтва. Трэці год Вольга Таранда – рамеснік, вырабы якога прадаюцца ў сацыяльным магазіне аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Аплачвае падатак – адну базавую велічыню ў год. Яе мяккія лялькі, сурвэткі, іншыя вырабы землякі дораць сябрам, некаторыя нават калекцыяніруюць.
Нядаўна спецыялісты аддзялення прыйшлі павіншаваць Вольгу Іванаўну з 45-годдзем і падарылі цэлую скрыню нітак. Майстар была на сёмым небе ад шчасця. Яна вельмі цэніць дапамогу і падтрымку калектыву аддзялення. Гаворыць, што ёй па жыцці сустракаюцца людзі добрыя, шчырыя і ўважлівыя. Ды і сама яна такая – з адкрытай душой і жаданнем дапамагаць іншым. Жыве з пазітывам і надзеяй.
– Канешне, можна пашкадаваць сябе, але не зацягваць. Кожны сам каваль свайго заўтра, – адзначае Вольга і дадае: – Мне пашанцавала і з суседзямі – самыя цудоўныя. Прыйдуць, спытаюць, што смачненькага хочацца. Я прыгатую – таксама пачастую.
Вольга жыве ў аднапакаёвай кватэры, якую набылі некалі бацькі. У пакоі ўтульна і акуратна. Чысціню дапамагае наводзіць сястра міласэрнасці ад раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Наталля Лешык. Яна для Вольгі стала не проста кваліфікаваным спецыялістам, а надзейнай сяброўкай. Купіць прадукты, сходзіць у паліклініку, разам памыюць вокны ці лесвічную пляцоўку. З набыццём трохколавага веласіпеда магчымасці пашырыліся: цяпер можна вый-
сці на вуліцу часцей, з’ездзіць да маці, якая жыве непадалёк, на рынак і г.д. А яшчэ падарожнічаць па райцэнтры са сваёй сяброўкай Жаннай Прывольневай, з якой пазнаёміліся ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Вольга едзе, а Жанна яе суправаджае. Гэты чалавек вельмі многа значыць у Вользіным жыцці.
І, безумоўна, самы дарагі і любімы чалавек, з якім Вольга Таранда адно цэлае, – яе мама.
– Шмат перажылі разам са сваёй дачушкай. Паўгода ў Мінску лячыліся, падоўгу ляжалі і ў іншых бальніцах. Верылі і спадзяваліся на лепшае. Яна ж у мяне як сонейка – заўсёды з усмешкай, цягнецца да людзей, а яны да яе. За што ні возьмецца – зробіць спраўна. Зараз за дачушку спакойна. Яна яшчэ і мяне падтрымлівае. З сястрой па некалькі разоў на дзень тэлефануюць адна адной, а калі тая прыязджае з сям’ёй, то адразу да Вольгі, – дзеліцца Гелена Антонаўна.
…Па светлай кватэры паважна, па-гаспадарску ступае кот Сёмка. Вольга ўзяла яго маленькім камячком, з якога атрымаўся сапраўдны каціны граф – з адметнай афарбоўкай і высакароднымі звычкамі, прыгожы і дагледжаны. Сакрэт пераўтварэння просты – ва ўсім «вінаваты» любоў і дабрыня яго гаспадыні. Так і чалавеку, каб быць самадастатковым, сустракаць кожны дзень з радасцю, патрэбна не так многа – крышачку ўвагі і нераўнадушнасці іншых, а яшчэ верыць, што за зімой заўсёды прыходзіць вясна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтараі з архіва Вольгі Таранда.