Тэст на сапраўднасць

Сапраўдны мужчына не толькі мужны, надзейны і адказны, ён яшчэ выдатна ведае правілы дарожнага руху (як жа ў наш імклівы час без аўтамабіля?!), трапна страляе і ўмее аператыўна скарыстацца сродкамі абароны ад надзвычайных сітуацый. Менавіта такія заданні ўдзельнікам прапанавалі напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны арганізатары конкурсу «Сапраўдны мужчына» – райкам БРСМ і РАС ДТСААФ.
Іспыт традыцыйны і праводзіцца ў некалькіх намінацыях. На гэты раз прэтэндэнты на перамогу здавалі экзамен па правілах дарожнага руху, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і на хуткасць адзявалі процівагаз.
За пераможны статус змагаліся 12 прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна: СВК «Ляхавіцкі», райбальніцы, ДП «Нача»,ТБЗ «Ляхавіцкі», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
Па выніках спаборніцтваў загадчык Падлес-кай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Андрэй Пуцілаў лідзіраваў адразу ў дзвюх намінацыях: ён з максімальным вынікам прайшоў тэст ПДР і паказаў адмысловае ўменне і спрыт у карыстанні процівагазам. Трапнасцю «ў яблычак» і найбольшаю колькасцю балаў вызначыўся Андрэй Кароль з СВК «Ляхавіцкі» (на здымку).
Пераможцы атрымалі падарункі і граматы ад арганізатараў, без сувеніраў не засталіся і іншыя ўдзельнікі конкурсу.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.