«Следапыты». Гісторыя адной перапіскі. Што звязвае Ляхавічы і Новасібірск

▲У музеі СШ № 2.

Па планеце ўпэўнена крочыць, набіраецца сіл мірная вясна-2019. Усё далей і далей водгукі пераможных залпаў мая 1945 года, але рэха Вялікай Айчыннай і сёння заклікае: людзі, помніце ўсіх, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам вялікае шчасце – жыць пад мірным небам.
На мінулым тыдні на электронны адрас СШ № 2 прыйшло пісьмо з Расіі. «Добры дзень, паважаныя настаўнікі і вучні школы! Справа ў тым, што мой бацька Папоў Міхаіл Абрамавіч, ураджэнец сібірскай вёскі Лобіна, быў адным з тых, хто летам 1944 года ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, у тым ліку Ляхавіцкага раёна. У складзе 48-й гвардзейскай дывізіі Першага Беларускага фронту, ён з баямі прайшоў да Заходняга Буга. Бацька расказваў, што баі былі вельмі жорсткія. Фарсіраваць рэкі Арэса, Лань даводзілася пад прыцэльным агнём гітлераўцаў. Асабліва супраціўляліся фашысты на рацэ Шчара…» – так пачынаецца электронны ліст Аляксандра Міхайлавіча Папова.

Чаму ў якасці адрасата выбрана Ляхавіцкая СШ № 2? Усё проста. Не так даўно ў далёкім Новасібірску Аляксандр Папоў перабіраў сямейны архіў і натыкнуўся на пажоўклыя аркушы – перапіску бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Папова і чырвоных следапытаў
СШ № 2, датаваную 1987 годам.
…Піша вам ветэран 48-й Гвардзейскай Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі. Дзякуй за пісьмо і віншаванні. Пра сябе: нарадзіўся ў 1923 годзе. У 1942 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Свой баявы шлях пачаў пад Бранскам, вызваляў Крывы Рог, удзельнічаў у знакамітай ваеннай аперацыі «Багратыён», за што атрымаў падзякі Вярхоўнага галоўнакамандуючага «За прарыў абароны пад Бабруйскам», «За вызваленне Брэста». За разгром фашыстаў пад Баранавічамі ордэнам Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны родны 143-ці гвардзейскі стралковы полк, дзе я быў наводчыкам гарматы –падтрымліваў  пяхоту агнём…
З перапіскі стала вядома, што ў шматгалоссі тых, хто 9 мая 1945 года ў Празе гучна крычаў «Перамога!», быў і гвардзеец Міхаіл Папоў, на гімнасцёрцы якога ззялі ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, Славы і шматлікія медалі.
У пасляваенны час ён спраўдзіў сваю дзіцячую мару: стаў настаўнікам і вучыў дзяцей у СШ № 2 г. Карасука ў Сібіры. Яго сын паведаміў, што бацька добра валодаў слясарнай і такарнай справай, вёў разнастайныя гурткі ў школе, прыгожа маляваў і часта расказваў пра ваенны час.
Днямі рабяты і настаўнікі СШ № 2 падрыхтавалі пісьмо ў адказ, падзякавалі за каштоўную інфармацыю пра ветэрана, які вызваляў Ляхавіцкі раён ад фашысцкіх акупантаў:
Даныя пра Вашага бацьку Папова Міхаіла Абрамавіча, яго ваенны фотаздымак мы змесцім у нашым школьным музеі, як і перапіску
з Вамі.

Прывітанне з мінулага. Такое ж нечаканае, як і сустрэча восенню 2018 года з роднымі лейтэнанта Смаіла Абдрахімава, які загінуў 6 чэр-
веня 1944 года пры вызваленні Ляхавіцкага раёна. Яна адбылася ў тым ліку і з удзелам школьнага атрада «Следапыты», якім кіруе
настаўнік гісторыі СШ № 2 Аляксандр Толкач.
– Дзякуючы неўміручаму подзвігу нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія выстаялі і перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, мы жывём у незалежнай Беларусі, радуемся кожнаму дню, будуем, вырошчваем хлеб, вучымся, працуем, кахаем, выхоўваем дзяцей і ўнукаў. І беражліва з пакалення ў пакаленне перадаём свяшчэнную памяць пра тых, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам гэта шчасце. Надзвычай важна шанаваць гэту памяць, прымнажаць і, канешне, адкрываць новыя старонкі той далёкай вайны. Менавіта гэтым займаецца наш пошукавы атрад, – расказвае Аляксандр Толкач.
«Следапыты» прадаўжаюць справу сваіх папярэднікаў – спачатку тых школьнікаў, якія пад кіраўніцтвам гісторыка Уладзіміра Скалабана пачалі гэты пошук, потым тых хлопчыкаў і дзяўчынак з атрада «Чырвоныя следапыты», якімі кіравала настаўніца гісторыі Вольга Альшакова.
– Адна справа – вучыць гісторыю па кнізе. Зусім іншая – самому збіраць матэрыял. Калі перабіраеш франтавыя пісьмы, уяўляеш той страшны і гераічны час, бачыш твары тых, хто набліжаў Перамогу, – лічыць адзінаццацікласніца Дзіяна Юрчык.
Яе сяброўка і таксама ўдзельніца «Следапытаў» Кацярына Рахманец дадае:
– Хто не шануе гісторыю – не мае будучыні. Гэта не проста словы, заклік да дзейнасці.
«Следапыты» – не адзінае аб’яднанне на базе школьнага музея баявой і працоўнай славы, які нарэшце некалькі гадоў назад аднавіў сваю работу і пераехаў у новае памяшканне.
Музейная гісторыя і звязаныя з ёй пошукавыя работы ў СШ № 2
пачаліся шмат дзесяцігоддзяў назад. Памятаю, як мы, школьнікі, пісалі пісьмы салдатам, наладжвалі сувязь з былымі партызанамі і падпольшчыкамі, шэфствавалі над ветэранамі Вялікай Айчыннай, запрашалі іх на піянерскія зборы, слухалі ўспаміны… Піянерская дружына школы і тады, і цяпер носіць імя Героя Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Гастэлы, які 26 чэрвеня 1941 года направіў ахоплены агнём самалёт на механізаваную калону гітлераўцаў. Галоўным заахвочваннем для актыўных акцябрат і піянераў было наведванне Брэсцкай крэпасці і мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
– Мы абавязаны захаваць усё, што з такім натхненнем збіралі колішнія вучні і настаўнікі, і па магчымасці прымножыць, – гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 Наталля Кудраўцава.
У вялікай зале музея – некалькі экспазіцый і мноства экспанатаў. У кожнага свая гісторыя. Фотаздымкі ваенных часоў і сустрэч школьнікаў з ветэранамі ў мірны час, перапіска з салдатамі Перамогі, каскі, кулямётная стужка – усяму знайшлося месца. Музей – сапраўдная скарбонка памяці, дзе беражліва захоўваюцца бясцэнныя рэліквіі. І, магчыма, адной з іх стане чарговае пісьмо ад невядомага чалавека:

Прывітанне рабяты і настаўнікі. Піша вам унук ветэрана…

Галіна КАНЬКО.