Жалезныя аргументы жаночай логікі. Калектыўнае заданне з індывідуальнай адказнасцю

Тамара ЦЕРАХ

Пра што марыць жанчына? Калі гэта Тамара Церах, то (не здзіўляйцеся!) пра сучасны трактар, новенькі камбайн, ладны «Амкадор» ці хаця б пра агрэгат для ўнясення мінеральных угнаенняў.

–Тэхніка – рэч вырашальная ў нашай справе. Канешне, пры ўмове, што ёю кіруюць адказныя, сумленныя, умелыя работнікі, – тлумачыць свае мары-жаданні дырэктар КСУП «Востраў-Агра», дарэчы, адзіная жанчына сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Жалезны (у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова) аргумент Тамары Іванаўны даказаў на вясновым полі сваю неаспрэчнасць. Далёка не самая паспяховая гаспадарка справілася з сяўбой яравых на адным дыханні. Усе адзінаццаць механізатараў і пры падрыхтоўцы тэхнікі, і на полі паказалі сваю гаспадарлівасць: аралі, вывозілі і ўносілі арганіку, усё рабілі аператыўна, без затрымак.
Ну а Віктар Зубік наогул майстар-клас паказаў. Асабіста, як гавораць, уласнаручна засеяў 433 гектары раннімі яравымі і 90 гектараў аднагадовымі травамі. Ягоны трактар «Беларус-3022» не падвёў гаспадара і сёлета. Дарэчы, перадавы механізатар – а гэта дакладна пра Віктара Міхайлавіча – такую завядзёнку практыкуе ўжо на працягу дзесяцігоддзя. Дырэктар прадпрыемства з нейкай асаблівай павагай, з глыбокай пашанай гаворыць, што «Зубік працай апантаны» і што, наогул, тутэйшыя людзі работы не баяцца.
Тамара Церах чацвёрты год у «Востраве-Агра». Вырулёўвае, вобразна кажучы, з выбоін, прычым разумее, што не аб’езд патрабуецца, а добрая дарога. Вось гэту дарогу і спрабуюць у парадак прывесці. Сярод аптымістычных падстаў для спадзяванняў на вынік яна называе ці не першай: людзі паверылі, што справы ў прадпрыемстве можна паправіць і што рашэнне гэтай задачы калектыўнае.
Аграном па адукацыі, Тамара Іванаўна тым не менш вялікія надзеі ўскладае на жывёлагадоўлю. Пакрысе востраўскі статак павялічваецца, ён ужо за 1400 галоў, днямі дабавіцца яшчэ 17 рагуль. Задумалі рэканструкцыю дзвюх фермаў. Клапоцяцца пра кармавую базу, сур’ёзна заняліся перазалужэннем. І, канешне, спадзяюцца на вартую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых, вось на пасяўной пастараліся, да таго і плошчы пад іх павялічылі.
…120,4 працэнта склаў тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў «Востраве-Агра» за першы квартал года ў параўнанні з леташнім. І гэта ёсць добра.
Чаго ёй, Тамары Церах, не хапае для «поўнага дырэктарскага шчасця», дык гэта кадраў спецыялістаў. Абновак у выглядзе машын-трактароў-механізмаў –  таксама, аднак з імі пытанне ўжо вырашаецца.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.

Віктар ЗУБІК