На хвалі абнаўлення. Новая сучасная тэхніка папаўняе мехдвары сельгаспрадпрыемстваў

Для механізатара Сяргея Вялічкі з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» сёлетняя пасяўная асаблівая. Здаецца, усё як звычайна – тэрміны, планы, тэмпы. Але на трактары «Беларус-82.1», які яму даверыла прадпрыемства, да справы прыступіў з новымі сіламі і спадзяваннямі, што мінулагоднюю ўраджайную планку атрымаецца павысіць.
А абнаўленчы «ўдар» па тэхніцы ў гаспадарках раёна адчувальны. Любы кіраўнік пацвердзіць: ад агрэгата, які выходзіць у поле падчас пасяўной або ўборачнай, залежыць як мінімум палова поспеху. Пра гэта і многія іншыя тэхнічныя нюансы і дэталі за круглым сталом «ЛВ» гаварылі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна і супрацоўнікі зацікаўленых службаў.

Міхаіл Пятроўскі,галоўны спецыяліст райсельгасхарчу:
– Сапраўды, сёлетняе тэхнічнае абнаўленне можна назваць масавым. Машынна-трактарныя паркі гаспадарак раёна для правядзення пасяўной, апрацоўкі глебы і корманарыхтоўкі папоўніліся 21 новенькім агрэгатам: трактарамі, сеялкамі, касілкамі… З немалым папаўненнем прыступілі да сельскагаспадарчых работ ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і ДП «Ліпнянка».

Антон Булаты, дырэктар ААТ «Жарабковічы»:
– У нашага прадпрыемства самы вялікі аўтапарк – 459 адзінак. Тэхніку абнаўляем кожны год. Сёлета папоўніліся трактарам К-744 «Кіравец» –
правераны і надзейны таварыш у полі. Першыя гектары ён ўжо апрацаваў на палетках каля Жарабковіч і Зарытава. Вынік парадаваў, таму плануем набыць яшчэ адзін. З новай тэхнікай справа ладзіцца хутка і са знакам якасці.
Якія б навінкі ні выходзілі ў поле, увагі, гаспадарскіх адносін патрабуюць усе агрэгаты аднолькава. Штурвал новай тэхнікі давяраем сапраўдным профі.

Мікалай Тарлюк, дырэктар ДП «Нача»:
– Ёсць добрая тэхніка – значыць, усё будзе засеяна, апрацавана, падкормлена, убрана. Ад суб’ектыўнага фактара – кадраў – залежыць, наколькі эфектыўна яна будзе выкарыстоўвацца, наколькі спрацуе яе патэнцыял.
Камп’ютарызацыя трывала ўвайшла ў аграрную сферу. Не дзесьці там, не ўвогуле, а канкрэтна і ў нас, на нашым прадпрыемстве. Нядаўна набылі, напрыклад, тэхнічную навінку з камп’ютарызаванай сістэмай – пасяўны агрэгат «Кёкерлінг» нямецкай вытворчасці. Пра палявы дэбют на начаўскіх палетках гэтай сельскагаспадарчай машыны расказаў «ЛВ» (№ 26 ад 3 красавіка). Каб па максімуму выкарыстаць тэхнічны патэнцыял «Кёкерлінга», нядаўна набылі магутны трактар К-744. Такое спалучэнне робіць гэты тандэм універсальным пасяўным агрэгатам.
У выбары тэхнікі важна не памыліцца, зрабіць аналіз прапаноў ад розных вытворцаў, вывучыць характарыстыкі і ўлічыць тых, хто ўжо выпрабаваў навінку. СВК «Ляхавіцкі» набыў «Кёкерлінг» у мінулым годзе – вынікі задаволілі.
З павелічэннем пасяўных плошчаў з’явілася патрэба расшырыць наш сельскагас-падарчы аўтапарк. Набылі дыскатар і апырсквальнік.

Тамара Церах, дырэктар КСУП «Востраў-Агра»:
– Добрая тэхнічная аснашчанасць сельгаспрадпрыемства – патрабаванне часу, абавязковы складнік выніковай працы. «Востраў-Агра» таксама на аднаўленчай хвалі. У растэрміноўку набылі «Дыскапак-6» і кормаўборачны комплекс. Удзячны за рас-тэрміноўку Бярозаўскаму мясакансерваваму камбінату і Ляхавіцкаму малочнаму заводу. Рыхтуем дакументацыю, каб набыць у лізінг пагрузчык «Амкадор 320», трактары, прычэп да тэхнікі.
Аўтапарк нашага прадпрыемства патрабуе тэрміновага абнаўлення. Дзякуючы механізатарам, якія своечасова абслугоўвалі сельскагаспадарчыя машыны, тэхніка і з дзесяцігадовым стажам нядрэнна трымаецца на востраўскіх палетках. Але без тэхабновак перспектыў у развіцці вытворчасці няма.

Раман Раманаў, дырэктар ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс»:
– Пасяўная пачалася з важкіх прыемнасцяў. Мы пабага-целі на дыскатар «Дыскапак-6», дыскавую барану БДТ-7, два
трактары «Беларус», кормаўбо-рачны комплекс КГ-6 і касілку. Шмат з пералічанага набылі ў лізінг. А вось даўняя наша ма-ра – дыскатар – ажыццявілася дзякуючы падтрымцы ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». З ім заключылі дагавор на пакупку тэхнікі ў растэрміноўку.
У планах набыць яшчэ адну сельскагаспадарчую машыну беларускай вытворчасці – энерганасычаны трактар «МТЗ-3522» з пасяўным агрэгатам АППМ-6.

Аляксандр Клімук,дырэктар ААТ «Шлях новы»:
– Мы ў прадчуванні: хутка ў аўтапарку з’явіцца пагрузчык «Амкадор 352», куплены ў растэрміноўку. Дарэчы, мадэль адна з самых магутных у гэтай амкадораўскай лінейцы. Яго можна выкарыстоўваць і ў сезон корманарыхтоўкі – трамбаваць сянаж і сілас. Тэхніку даверылі механізатару з амаль 30-гадовым стажам Аляксандру Цімашку.
Яшчэ адна пасяўная навінка –   агрэгат «КУН» – паспела ўжо сябе зарэкамендаваць на полі. Дзякуючы навігатару, якім ён аснашчаны, норма высеву застаецца нязменнай нават пры рознай скорасці. Набыты два агрэгаты ПМФ-20  для ўнясення арганічных угнаенняў. Трэба аддаць належнае: усю тэхніку, якая ў нас ёсць, механізатары выкарыстоўваюць па поўнай, адносяцца да яе па-гаспадарску.

Андрэй Малафейчык,дырэктар КСУП «Ліпнянка»:
– Сёлета на палетках гаспадаркі з’явіцца наша абновачная пяцёрка ў складзе двух трактароў «Беларус», кормаўборачнага комплексу, касілкі і кукурузнай сеялкі. Апошняй пакупцы асабліва рады – старая сеялка, на жаль, выйшла са строю. З такім абнаўленнем спадзяёмся на значны плюс да мінулагодніх вынікаў уборачнай.

Іван Вітко, старшыня СВК «Ляхавіцкі»:
– Эксперыментальныя 30 пшанічных гектараў, засеяных з дапамогай агрэгата «Кёкерлінг» у верасні мінулага года (на той момант гаспадарцы не належаў), вынікамі парадавалі. Вырашылі набыць. Былі ўпэўнены: такая тэхніка на пасяўной – выдатны варыянт. Наш «Кёкерлінг» ужо засеяў пшаніцай, жытам, ячменем 600 гектараў. Спадзяёмся, што вынікі будуць лепшыя за эксперыментальныя. Набылі таксама трактар «Кіравец» і абаротны плуг.
Увогуле, у аўтапарку гаспа-даркі больш за 60 адзінак тэхнікі. Незалежна ад таго, колькі часу яна эксплуатуецца, догляд аднолькавы: своечасовыя абслугоўванне, дыягностыка, рамонт. Больш увагі да яе ў мехмайстэрні –  яна не падвядзе на полі. Хутка пачнецца будаўніцтва зернесушыльнага комплексу і насеннеачышчальнай лініі. Спадзяёмся, што атрымаецца ЗСК сёлета газіфікаваць.

Маргарыта КУХТА.